Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы Берасця



16 верасня на плошчу Леніна ў Берасці зноў прыйшлі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны кармілі галубоў, стаялі групамі і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Сёння на плошчу выйшла больш за 60 чалавек. Яны, у прыватнасці, казалі пра тое, што будаўніцтва небяспечнага прадпрыемства нанясе непапраўную шкоду здароўю жыхароў і навакольнаму асяроддзю. Праціўнікі будоўлі настроены патрабаваць яе спынення.

Таксама людзі казалі, што мясцовая ўлада іх не чуе. У прыватнасці, актывіст Дзмітрый Бекалюк расказаў, што тэлефанаваў на прамую лінію старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса, якая была арганізавана 15 верасня. Ён хацеў задаць кіраўніку вобласці пытанні, якія тычацца будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Аператар прамой лініі даведвалася тэму пытання, а таксама пыталася, ці звяртаўся ўжо чалавек, які тэлефануе, раней з гэтай нагоды. Калі Бекалюк сказаў, што непасрэдна да Ліса не звяртаўся, аператар паведаміла, што спецыялістамі „1АК-Group” („Першая акумулятарная кампанія”) для адказу на пытанні аб дзейнасці прадпрыемстваў, якія туды ўваходзяць, створаны адзіны інфармацыйны канал (ТАА „АйПаўэр”, якое будуе акумулятарны завод, уваходзіць у „1АК-Group”).

На думку Бекалюка, яго не злучылі з Лісам, таму што ён не змог бы даць выразны адказ на яго пытанне.

Яшчэ адзін актывіст Дзям’ян Лепясевіч, які таксама ўчора спрабаваў датэлефанавацца на прамую лінію, здзіўлены, што аператар прамой лініі вырашае, ці злучаць чалавека з кіраўніком аблвыканкама.

Праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што „такія прамыя лініі — імітацыя зносін з людзьмі”. „Пытанні фільтруюцца, адбіраюцца. Чыноўнікі адказваюць на пытанні, якія зручныя ўладам і паказваюць іх у лепшым святле. А людзей, якія задаюць нязручныя пытанні, проста не дапускаюць на такія прамыя лініі”, — пракаментаваў ён.

Сустрэчы праціўнікаў завода праходзяць на плошчы Леніна ў Берасці кожную нядзелю з 25 лютага.

БелаПАН