Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці



На плошчы Леніна ў Берасці 4 лістапада зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Згодна са звесткамі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, іх было прыкладна 150 чалавек.

Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Прысутныя абмяркоўвалі заяву прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса адносна будаўніцтва завода.

Нагадаем, адказваючы 31 кастрычніка на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік урада заявіў, што асцярогі з нагоды будаўніцтва завода ў Берасці некалькі перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.

Як адзначылі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы ў цэнтры Берасця, заява Румаса іх не супакоіла. „Мы верым ініцыятыўнай групе, якая выявіла парушэнні ў межах кампаніі супраць будаўніцтва завода”, — адзначыла жыхарка Берасця Валянціна.

Людзі таксама казалі, што не супраць такога завода ў Беларусі, але не згодныя, каб ён быў пабудаваны ў абласным цэнтры. „Мы не можам пагадзіцца з тым, што нас будуць труціць”, — заявіў брастаўчанін Дзям’ян.

Удзельнікі сустрэчы заявілі, што маюць намер працягваць пратэставаць супраць будаўніцтва небяспечнага прадпрыемства.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыкладна дзве тысячы чалавек.

belapan.by