Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы
24 сакавіка ў Берасці на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле даных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 250 чалавек з ліку праціўнікаў будаўніцтва завода.
У гэты ж час на плошчы праходзіла арганізаваная гарадскім аддзелам па надзвычайных сітуацыях акцыя „Правядзі час з карысцю”.
Берасцейка Юлія Зубік звярнула ўвагу, што другую нядзелю запар улады праводзяць на плошчы мерапрыемствы менавіта ў той час, калі тут збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. „Я лічу, што такім чынам улады хочуць скрыць мірную акцыю пратэсту”, — сказала яна.
Удзельнікі акцыі абмеркавалі намечаны на 26 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Берасця пачатак разгляду справы па скарзе на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода. На думку тых, хто сабраўся, суд наўрад ці прыме станоўчае рашэнне па скарзе, бо „ўлада нічога не вырашае на карысць людзей”. Разам з тым яны маюць намер працягваць дабівацца задавальнення скаргі.
Берасцеец Дзмітрый Бекалюк упэўнены, што суд прыме рашэнне па камандзе, якую атрымае „зверху”. „Трэба стукацца ў тыя вароты, за якімі прымаюць рашэнне. Паперы падрыхтаваныя. І нават, калі нам паспрабуюць заткнуць рот, паперы трапяць туды, куды трэба”, — сказаў ён.
Пасля абмеркавання бягучай сітуацыі праціўнікі будаўніцтва завода пакінулі плошчу і зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”. Тут яны пастаялі некаторы час, пагаварылі і разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.
На рэферэндум у Берасцейскім раёне прапаноўвалася вынесці пытанне аб забароне любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй на тэрыторыі раёна.
У студзені 2019 года Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, матывуючы тым, што гэтае пытанне не можа быць вынесена на мясцовы рэферэндум: завод мае значэнне для Беларусі ў цэлым, забарона дзейнасці гэтага прадпрыемства не ўваходзіць у кампетэнцыю мясцовых органаў улады.
У адказе райвыканкама падкрэслівалася, што будаўніцтва акумулятарнага завода „мае важнае і вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, гэта значыць дзяржавы ў цэлым, а не асобнага раёна, і ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, зацверджаную ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2017 года № 31”.
Ініцыятыўная група ў сваёй скарзе просіць суд прызнаць адмову ў яе рэгістрацыі незаконнай, неабгрунтаванай і патрабуе абавязаць Берасцейскі райвыканкам зарэгістраваць ініцыятыўную групу, а таксама прапанаванае на рэферэндум пытанне.
У скарзе адзначаецца, што паколькі жыхары іншых рэгіёнаў да грамадскага абмеркавання ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) гэтага завода Берасцейскім райвыканкамам не прыцягваліся і ім пра гэта не паведамлялася, то рэферэндум аб забароне дадзенага прадпрыемства павінен праводзіцца ў Берасцейскім раёне.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва. Між тым выпуск доследнай партыі акумулятараў запланаваны ўжо на сакавік гэтага года.14 сакавіка на брыфінгу старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні дзяржаўна-грамадскай групы экалагічнага кантролю за дзейнасцю акумулятарнага завода.
Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.