Праціўнікі будаўніцтва завода „АйПаўэр” зноў сабраліся ў цэнтры Берасця



 У Берасці 19 студзеня апоўдні на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле даных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было 80 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Людзі, якія прыйшлі на плошчу, абмяркоўвалі разгляд у эканамічным судзе Берасцейскай вобласці справы па іску аблвыканкама да ТАА „АйПаўэр” аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд.

Як паведамлялася, Берасцейскі аблвыканкам дамагаецца спагнання з „АйПаўэр” 5 млн 725 тыс. 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія, на думку істца, не выканала свае абавязацельствы па дагаворы: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю акумулятарнага завода.17 снежня мінулага года адбылося папярэдняе пасяджэнне па іску, на якім былі заслуханыя пазіцыі істца і адказчыка. Прадстаўнік „АйПаўэр” не пагадзіўся з пазіцыяй аблвыканкама, заявіўшы, што крайні тэрмін ўводу завода ў эксплуатацыю — другі квартал 2020 года. Пры гэтым ён спасылаўся на інвестыцыйны дагавор, заключаны ў 2017 годзе. Аблвыканкам у абгрунтаванні іску спасылаецца на інавацыйны дагавор, заключаны ў 2016 годзе. У адпаведнасці з ім завод меўся быць пабудаваны і запушчаны да 31 ліпеня 2019 года.

Інвестыцыйны і інавацыйны дагаворы былі заключаныя паміж Берасцейскім аблвыканкамам і ТАА „АйПауўэр”.14 студзеня адбылося першае асноўнае судовае пасяджэнне па іску. На ім стала вядома, што адказчык падаў сустрэчны іск да аблвыканкама аб прызнанні мізэрнасці інавацыйнага дагавора ад 2016 года. Адвакаты кампаніі заявілі хадайніцтва аб выпатрабаванні ў аблвыканкама праз суд шэрагу дакументаў. Суд яго задаволіў і прызначыў наступнае пасяджэнне на 17 студзеня.

17 студзеня ў судзе былі апублікаваныя пададзеныя ТАА „АйПаўэр” два новыя хадайніцтві. У першым кампанія прасіла суд прызначыць прымірыцеля для правядзення па справе прымірыцельнай працэдуры. Гэтае хадайніцтва яна аргументавала гатоўнасцю ўступіць у перамовы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі для ўрэгулявання сітуацыі з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода. У другім хадайніцтве кампанія прасіла адкласці судовае пасяджэнне, спасылаючыся на тое, што неабходны час для вывучэння дадатковых дакументаў, якія 16 студзеня кампанія атрымала па сваім запыце з аблвыканкама.

Прадстаўнікі ТАА „АйПаўэр” на гэтае судовае пасяджэнне не з’явіліся. Суд адмовіўся пачаць працэдуру прымірэння, бо супраць гэтага катэгарычна выступілі прадстаўнікі аблвыканкама. Хадайніцтва адкласці судовае разбіральніцтва суд задаволіў і прызначыў наступнае на 5 лютага.

Як адзначылі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы ў цэнтры Брэста, яны ўважліва сочаць за судовым іскам. Многія актывісты ўпэўненыя, што „АйПаўэр” наўмысна зацягвае разгляд іску. Так, Алена Макарэвіч лічыць, што ўсе хадайніцтвы да суда ставяць мэтай максімальна перабіцца, каб запусціць завод і не вяртаць грошы ў інавацыйны фонд.

Актывіст Канстанцін Астапук заявіў, што да 5 лютага кампаніі „засталося прыдумаць яшчэ нейкую прычыну, каб адцягнуць рашэнне суда па іску, бо яна разумее што судовае рашэнне будзе не на яе карысць”.

У сваю чаргу Алег Вялава ўпэўнены, што „АйПаўэр” будзе максімальна цягнуць рашэнне па іску, бо ў кампаніі проста няма грошай на выплаты.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая 2019 года кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

 

belapan.by