Праціўнікі будаўніцтва завода зноў сабраліся на плошчы Берасця
На плошчы Леніна ў Берасці 23 снежня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
У 12.30 на плошчы, згодна са звесткамі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, знаходзілася 220 чалавек, якія абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
У 11.30 на сцэне, размешчанай на плошчы, пачаўся конкурс навагодніх віншаванняў школ Ленінскага раёна. Таму праціўнікі будаўніцтва завода, якія спачатку сабраліся ў цэнтры плошчы, перамясціліся на яе край, да помніка Леніну. Яны растлумачылі, што не жадаюць быць масоўкай на школьным свяце.
Адзін з праціўнікаў будаўніцтва прыйшоў на плошчу ў роставай ляльцы ваўка. Ён раздаваў дзецям шары і цукеркі, фатаграфаваўся з імі. Міліцыя яго не затрымала. У гэтай сувязі людзі нагадалі, што 11 лістапада на плошчы быў затрыманы праціўнік будаўніцтва завода ў роставай ляльцы ліса. У яго канфіскавалі касцюм, які да гэтага часу не вярнулі.
Прысутныя абмеркавалі планы па правядзенні мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 21 снежня ў Берасцейскі райвыканкам была пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва.
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы выказалі надзею, што ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная. Жыхар Берасця Анатоль адзначыў, што калі група не будзе зарэгістраваная, гэта можна будзе разглядаць як „поўнае беззаконне”. Удзельнікі сустрэчы таксама ўпэўненыя, што супраць завода падчас рэферэндуму, калі ён адбудзецца, прагаласуе абсалютная большасць мясцовых жыхароў. Як лічыць жыхарка Берасцейскага раёна Таццяна, гэты рэферэндум дазволіць мясцовай улады „годна выйсці з гэтай сітуацыі”.
Як паведамлялася, на рэферэндум прапануецца вынесці пытанне: „Забараніць любую дзейнасць, звязаную з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, на тэрыторыі раёна?” Ва ўдзельнікаў будуць два варыянты адказу: за і супраць.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.
Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 36 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася прыбліна дзве тысячы чалавек.
31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.
15 снежня першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас прамой лініі паведаміла брэсцкаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу, што праектная дакументацыя акумулятарнага завода адкліканая праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзеная на экспертызу.