Праціўнікі завода „АйПаўэр” рэгіструюць экалагічнае аб’яднанне



Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода „АйПаўэр” правялі ўстаноўчы сход Берасцейскага абласнога экалагічнага праваабарончага аб’яднання „ЭкаБрэст”.

Падрабязней кажа ягоны старшыня, праваабаронца Раман Кісляк:

– 26 траўня мы аб’ядналіся пад назвай «ЭкаБрэст». Мы вырашылі стварыць арганізацыю і стварылі. І падалі сёння дакументы на рэгістрацыю ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама. На працягу месяца гэтую заяву разгледзяць і будзе прынятае рашэнне – зарэгістраваць, або не. Справа ў тым, што адбываецца працяглы пратэст, ён доўга доўжыцца і ёсць неабходнасць стварэння адмысловай арганізацыі, якая паскорыць рашэнне пытання па закрыцці завода і рашэнне іншых экалагічных праблем.

Заснавальнікамі аб’яднання былі жыхары Берасця і Берасцейскага раёну ўсяго – 12 чалавек.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя