Праціўнікі завода АКБ у Берасці праспявалі на плошчы “Жыць”



У Берасці 18 сакавіка апоўдзень на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.

 

Гэтым разам на плошчы, дзе падобныя акцыі праходзяць кожную нядзелю, сабралася каля 200 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Пратэстоўцы зноў размаўлялі паміж сабой, абмяркоўваючы тэму незаконнага і небяспечнага, на іх думку, будаўніцтва.

Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які назірае за пратэстамі:

– Прыемна, што людзі выходзяць, спяваюць. Прыдумалі песню, запісалі кліп. За пару дзён шмат людзей вывучылі песню на памяць. Яна называецца “Жыць”.

Адная з удзельніц:

– Мы абураныя, чаму нас не чуюць. І не хочуць пачуць. І заканадаўства перакручваецца менавіта пад гэту вытворчасць. Мы гаворым, што парушаныя ўсе законы, якія толькі маглі быць парушаныя. А чыноўнікі тлумачаць адвольна гэтыя законы. І пераўтвараюць народ у масу, якая быццам нічога не разумее.

Гэта ўжо чацвёртая па ліку нядзельная акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніяй “IPOWER”. Штонядзелю, а 12-й, людзі збіраюцца на плошчы Леніна, каб абмеркаваць апошнія навіны, звязаныя са шкоднай будоўляй, і свае дзеянні па прадухіленні гэтай будоўлі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара

* * * 

На плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.

Адзін з прысутных у нейкі момант уключыў у мабільным тэлефоне песню „Жыць” супраць будаўніцтва завода, якая набірае папулярнасць у YouTube-праекце „Народны рэпарцёр” (https://www.youtube.com/watch?v=Orqtp0fL-LE&feature=youtu.be), і ўдзельнікі акцыі праспявалі яе хорам, а затым праскандзіравалі „Не — заводу!”

Як паведаміў БелаПан праваабаронца Раман Кісляк, пратэсты супраць будаўніцтва завода выходзяць „на новы ўзровень”, яны становяцца больш масавымі, а людзі ўжо не баяцца выходзіць на плошчу і больш эмацыйна выказваюцца супраць небяспечнай будоўлі. „У цывілізаваных краінах, калі здараюцца такія канфлікты, улада кажа:” Мы разбіраемся”, аднак не спрабуе да прыняцця рашэння прымаць ні той, ні іншы бок. На сустрэчы ў аблвыканкаме 16 сакавіка ў словах чыноўнікаў праслізгвалі моманты, і людзі іх выразна ўлавілі, што ўлады за гэты завод, што яшчэ больш абурыла людзей”.

Сярод тых, хто прыйшоў на плошчу, быў мясцовы блогер Аляксандр Кабанаў, які ў сваім YouTube-праекце „Народны рэпарцёр” асвятляў сітуацыю з будаўніцтвам небяспечнага прадпрыемства.

З 25 лютага кожную нядзелю праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода прыходзяць на плошчу Леніна ў Брэсце і абмяркоўваюць свае далейшыя дзеянні.

belapan.by

Фота virtualbrest.by