Працоўная эксплуатацыя набывае новыя формы



Раней, як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітры Цаюн, галоўным кірункам працоўнай эксплуатацыі было нелегальнае ўладкаванне на працу за мяжой. Зараз працоўная эксплуатацыя набывае новыя формы ў самой Беларусі.

– Адна з такіх форм – гэта арганізаванае падкантрольнае папрашайніцтва. Найбольш характэрнае для этнічных дыяспар, яно спалучанае з уцягваннем найменьш абароненых  слаёў грамадства. Гэта непаўнагадовыя, інваліды, асобы з псіханеўралагічнымі адхіленнямі, алкагольнай ці наркатычнай залежнасцю. А таксама асобы без пэўнага месца жыхарства. У першым паўгоддзі 2018 года па фактах уцягнення такіх асоб у прымусовае папрашайніцтва заведзена тры крымінальныя справы.

Але галоўнай праблемай застаецца нелегальны вываз жывога тавару за межы Беларусі. Асноўныя кірункі – Бліжні Ўсход, Еўразвяз і Расея. У першым паўгоддзі перакрыта чатыры каналы пастаўкі нашых суграмадзян за мяжу.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя