Працу акумулятарнага завода пад Берасцем будзе кантраляваць дзяржаўна-грамадская група



 Створаная дзяржаўна-грамадская група экалагічнага кантролю за акумулятарным заводам пад Берасцем. Такое паведамленне размешчанае 29 сакавіка на сайце Берасцейскага аблвыканкама.

14 сакавіка старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў на брыфінгу, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні такой групы.

У змешчаным на сайце аблвыканкама паведамленні гаворыцца, што ў склад групы ўвайшло 10 чалавек: прадстаўнікі свабоднай эканамічнай зоны „Брэст”, дзе будуецца завод; абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, абласной лабараторыі аналітычнага кантролю Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук, Берасцейскага райвыканкама, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама; прадпрыемства „Брэстводаканал”.

Ад грамадскасці членам групы стаў дацэнт кафедры інжынернай экалогіі і хіміі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Басаў.

У паведамленні адзначаецца, што прапанову ўвайсці ў склад групы атрымалі старшыня ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму ў Берасцейскім раёне Ірына Сіліцкая і юрыст, праваабаронца Раман Кісляк „з мэтай максімальна аператыўнага і аб’ектыўнага інфармавання грамадскасці аб выніках праведзеных маніторынгаў і прынятых групай рашэннях”.

„Нягледзячы на дэклараваную заклапочанасць пытаннямі экалогіі і наступствамі будаўніцтва акумулятарнага завода, Сіліцкая і Кісляк адмовіліся ўвайсці ў склад групы”, — адзначаецца ў паведамленні.

Зацверджаны графік экалагічнага маніторынгу, якім прадугледжанае правядзенне штомесячных даследаванняў паветра, глебы, вады пітной (першы тыдзень месяца), паветра, глеб, сцёкавых вод (трэці тыдзень месяца).

Вынікі даследаванняў „будуць аператыўна прадстаўлены насельніцтву вобласці з дапамогай электронных, друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў”.

Пры выяўленні вынікаў даследавання, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, „неадкладна будуць прымацца кіраўніцкія рашэнні ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку”.

Як заявіў БелаПАН Раман Кісляк, ён не бачыць сэнсу ўваходзіць у гэту групу. „Мы дамагаемся, каб гэты завод наогул не працаваў, а нам прапаноўваюць назіраць, як ён будзе атручваць наш рэгіён”, — растлумачыў Кісляк сваё рашэнне.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка 2018 года прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя.

20 лютага 2019 года падчас прэс-тура галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі паведаміў, што выпуск доследнай партыі акумулятараў запланаваны на сакавік гэтага года.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці

belapan.by