Працяг справы аб нападзе за нацыянальную сімволіку
Свой працяг займела справа нападу на кірмашы “Экспабел” на маладафронтаўцаў за патрыятычную сімволіку. Пасля шэрагу скаргаў у праваахоўныя органы і адміністрацыю кірмаша на аднаго з нападнікаў была заведзена справа.
“Нарэшце прыйшла адпіска з “Экспабелу”, у якой кіраўніцтва шкадуе аб інцыдэнце,” – гаворыць лідар “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч:
– Кіраўніцтва рынку “Экспабел” зазначае, што праведзена тлумачальная размова з усімі арандатарамі. І калі здарацца яшчэ такія эксцэсы, яны проста пазбавяцца сваіх працоўных месцаў. Таксама прыйшла адпіска з РАУС, дзе адзначана, што на аднаго з арганізатараў гэтай бойкі Аляксандра Філімонава заведзена адміністрацыйная справа і перададзена ў суд.
“Гэта ўжо іншая справа, бо мы не спадзяваліся на такую рэакцыю ўладаў,” – дадаў Зьміцер Дашкевіч. Нагадаем, што ў ліпені на актывістаў “Маладога Фронту” быў здзейснены напад падчас талакі ва ўрочышчы Курапаты. Нападнікамі былі некалькі прадпрымальнікаў з кірмаша “Экспабел”, якім не спадабалася сімволіка з Пагоняй на вопратцы маладафронтаўцаў.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org