Працяг справы забойства бацькі прафесара Астроўскага
Крымінальная справа загадкавай смерці бацькі прафесара Алеся Астроўскага ў Гародні ізноў мае працяг.
25-га сакавіка 2013-га года, Аляксандр Астроўскі атрымаў пашкоджанні, пасля якіх быў завезены ў шпіталь хуткай дапамогі ў сярэднім стане цяжкасці. Але праз некаторы час ён памірае. «Афіцыйная версія следства — наезд аўтамабіля. Але няма ніякіх доказаў, толькі меркаванні. Да таго ж адсутнічаюць некаторыя відэаматэрыялы з камераў назірання бальніцы»,— кажа прафесар Астроўскі, які выступае ў судзе, як пацярпелая старана:
— А калі паглядзелі, дык там, на жаль, былі толькі звесткі пра першыя хвіліны знаходжання майго бацькі і тых людзей, якія прывезлі яго ў шпіталь. Выйшла толькі ўдакладніць, калі менавіта ён трапіў у шпіталь. А тых кадраў, пра якія мне казаў следчы Радак, што ён іх бачыў і што ён іх зняў з відэакамераў шпіталя хуткай дапамогі, дзе бачана, як бацьку возяць на каталцы, у сядзячым стане, з кабінета ў кабінет, дык гэтых запісаў не было.
Прафесар Астроўскі мяркуе, што сабраныя звесткі экспертызы не даюць ніякіх доказаў, што чалавек, які аказаў дапамогу бацьку прафесара Астроўскага ,спрычыніўся да ягонай смерці. А менавіта яго і абвінавачваюць следства і пракуратура. Суд вядзе суддзя Кастрычніцкага раённага суда Дзмітры Цівунчык. Магчыма, завяршальны акорд у гэтай зацягнутай справе, будзе пастаўлены ўжо на гэтым тыдні.