Пачатак суда па справе загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна (абноўлена)



Калі  б не праваабаронца Андрэй  Бандарэнка, то грамадства,  магчыма, і не даведалася б пра акалічнасці смерці Ігара Пцічкіна ў Менскім следчым ізалятары, – лічыць ягоная маці Жана Пцічкіна. Жыццё  22-гадовага Ігара Пцічкіна абарвалася ў СІЗА ў жніўні 2013 года. На яго целе былі знойдзены шматлікія сінякі і гематомы. І менавіта Андрэй Бандарэка  пачаў збіраць матэрыялы і дабівацца расследавання гэтай смерці. Аднак сам хутка быў асуджаны па артыкуле аб хуліганстве.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Жана Пцічкіна не выключае, што арышт Бандарэнкі можа быць звязаны са справай яе сына:

– Мне праз дзясятых асоб сказалі, што з-за маёй спраўкі яго і пасадзілі ў турму. Дзякуючы Бандарэнку я гэта пачала. Ён мне дапамагаў ва ўсім. Ён быў са мной у той дзень, калі прывезлі труну. Ён прыйшоў у гэтую першую ноч, бачыў сінякі, здымаў іх. Гэта выдатны чалавек, не ведаю, як яго дзякаваць.

Калі б ён не апынуўся ў турме, то справа не расследавалася б так доўга – 3 гады, і вынікі следства былі б, магчыма, іншымі, – не выключае  Жана Пцічкіна.

* * *

У судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд справы аб смерці ў следчым ізалятары 22 -гадовага Ігара Пцічкіна. У смерці маладога чалавека абвінавачваецца фельдшар Аляксандр Крылоў. Ён не аказаў неабходнай медыцынскай дапамогі Пцічкіну, які быццам быў наркаманам і пакутаваў ад  „сіндрома адмены”. Аднак родныя памерлага абвяргаюць наркатычную залежнасць Пцічкіна і кажуць, што яго моцна збілі ў СІЗА. На яго целе мелася мноства сінякоў, а вопратка была ў крыві.

Жана Пцічкіна, маці памерлага, спадзяецца, што суд дойдзе да праўды:

– Я асабіста не лічу лекара вінаватым. Я лічу, што вінаватыя тыя, хто яго збіў. Тут мы высветлім, хто вінаваты. Я не згодная з іхнымі сведчаннямі, бо яны кажуць, што ніякіх сінякоў не было. Але ж яны былі. І ў канцы канцоў яны пракалоліся і пацвердзілі, што былі „лёгкія цялесныя пашкоджанні”, калі я спытала ў іх, адкуль жа тады кроў на ягоным адзенні?!  

Жана Пцічкіна нагадала, што следства працягвалася амаль 3 гады з моманту смерці яе сына і двойчы спынялася. І зараз яна вельмі рада, што справа дайшла да суда і вельмі спадзяецца, што на ім будзе высветлена, што адбылося і хто вінаваты ў смерці яе сына.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара