Працягнуты тэрмін утрымання пад вартай журналіста Андрэя Аляксандрава



Тэрмін утрымання пад вартай журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава працягнуты яшчэ на месяц — да 12 ліпеня, паведаміў яго адвакат Антон Гашынскі.

Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў межах расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ў 2014—2018 гадах ён працаваў намеснікам дырэктара.

„Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэстных акцыях на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў пасля затрымання намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грошы для гэтых мэтаў былі перададзеныя фондам By_help.

12 красавіка стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску распачало крымінальныя справы ў дачыненні да сузаснавальнікаў ініцыятывы BY_help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле версіі следства, перадавалі грошы Аляксандраву і Злобінай „для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці”.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з’яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Як растлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б накіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў. На думку Стэфановіча, у гэтым выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, „таму што грошы былі сабраныя людзьмі для таго, каб камусьці дапамагаць”. Стэфановіч лічыць выстаўленае абвінавачанне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, згодна з словамі Стэфановіча, артыкул 342 КК, на падставе якога абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, і для ўзяцця абвінавачанага пад варту следству патрэбная сур’ёзная матывіроўка — што Аляксандраў, да прыкладу, небяспечны для грамадства або можа ўздзейнічаць на сведак і пацярпелых. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў гэтым выпадку не было”, — сказаў праваабаронца.

Першапачаткова ў дачыненні да Аляксандрава была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на два месяцы, пазней гэты тэрмін кожны раз працягвалі на месяц.

У мінскім СІЗА № 1 Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасці асоб, схільных да экстрэмізму.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

belapan.by