Працягваецца пераслед гомельскага праваабаронцы
Падатковая інспекцыя Гомельскага раёна ініцыявала адміністрацыйны працэс у дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Яго вінавацяць ва ўтойванні падатку ў 20 еўра.
Паводле падаткавікоў, праваабаронца не паведаміў у дэкларацыі пра 500 беларускіх рублёў прафсаюзнага заробку за апошнія 10 гадоў, а таксама 387 тысяч рублёў дывідэндаў ад акцый. Леанід Судаленка кажа, што нічога не парушаў:
– 500 рублёў! Зараз напэўна карабок запалак болей каштуе. Гэта паказвае ўсю абсурднасць сітуацыі і тое, што хваля ціску ад мытнікаў пераходзіць да падаткавікоў. Іх выкарыстоўваюць як інструмент для аказання ціску за маю актыўную праваабарончую дзейнасць.
7 снежня праваабаронца Леанід Судаленка павінен даць тлумачэнні падатковым інспектарам. Яму пагражае штраф да СТА еўра ў эквіваленце.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель