Працягваецца суд над аўтарамі “Рэгнума”



Аўтар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс пракаментаваў судовы працэс над супрацоўнікамі сайту “Рэгнум”, якія абвінавачваюцца ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы.

Ён лічыць, што артыкулы людзей, якія апынуліся на лаве падсудных, нельга аднесці ні да журналістыкі, ні да публіцыстыкі. А крымінальнага пераследу заслугоўвае толькі адзін з аўтараў –  Юрый Баранчык, які ўцёк у Маскву і займаецца дзейнасцю супраць беларускай дзяржавы. Кажа Эдуард Пальчыс:

– Хто заслугоўвае крымінальнай справы, то гэта Юрый Баранчык, які ўласна і замаўляў гэтыя артыкулы. Які зараз сядзіць у Маскве і якога спачатку арыштавалі па запыце Беларусі, а пасля выпусцілі. У яго дакладна антыдзяржаўная дзейнасць. А так артыкулы “Рэгнума” ні да журналістыкі, ні да публіцыстыкі і нават да гумару не адносяцца. Ні да свабоды слова. Гэта проста бязглуздзіца нейкая.

Таксама Эдуард Пальчыс падкрэсліў, што “рэгнумаўцаў” нельга прызнаць палітвязнямі, ці вязнямі сумлення, яны проста стваралі беларусафобскія матэрыялы за ганарары. Артыкулы былі разлічаныя пераважна на публіку ў самой Расеі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by