Працягваецца суд над кіроўцам аўтадома Ціханоўскага



У Гародні працягваецца крымінальны працэс супраць кіроўцы аўтадома блогера Сяргея Ціханоўскага – Аляксандра Арановіча.

На фота Аляксандр Арановіч злева

Суддзя Ленінскага суда Гародні Алена Пятрова даследуе матэрыялы справы. Справа Аляксандра Арановіча складзена з 8 тамоў і датычыць шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія ніяк не стасуюцца з дзеяннямі Арановіча. Падставу „злачынства” знайсці цяжка, таму нават адзін з артыкулаў Крымінальнага кодэкса, які быў павешаны на Арановіча – 364 быў зняты яшчэ падчас следства. Цяпер яго вінавацяць паводле артыкулаў 13, частка 1. арт. 342 і частка 2. арт.293 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага камітэта сочыць за працэсам:

– Адбыўся допыт аднаго са сведкаў – гарадзенца, прадпрымальніка, які распавёў пра тое, што адбылося 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай падчас затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і з ім яшчэ дзевяці чалавек з яго каманды.  Гэты сведка не бачыў момант збіцця двух міліцыянтаў і не бачыў момант затрымання самога Сяргея Ціханоўскага. Толькі як яго падводзілі да сінега міліцэйскага мікрааўтобуса.

Аляксандр Арановіч адмовіўся ад дачы паказанняў падчас следства, а таксама падчас суда. Пад вартай ён ужо дзясяты месяц. Наступнае пасяджэнне Ленінскі суд Гародні правядзе 10 сакавіка.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя