У судзе над Міколам Дзядком абвешчаны перапынак (абноўлена)
Суддзя Анастасія Папко задаволіла хадайніцтва Мікалая Дзядка аб далучэнні да справы яго аповеду ў судзе пра абставіны затрымання і адмовіла адвакату ў чатырох хадайніцтвах. Папко адмовіла ў задавальненні хадайніцтва Яўгена Маслава, які прасіў выклікаць у суд у якасці сведкі эксперта, што аналізаваў вадкасць у знойдзеных у кватэры Дзядка бутэльках. Таксама суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва адваката запытаць інфармацыю аб асобах, якія затрымлівалі Дзядка. Акрамя таго, Папко адмовіла абаронцу ў задавальненні хадайніцтва запрасіць у суд у якасці сведак па справе супрацоўнікаў МУС, якія праводзілі вобшук у кватэры. Маслаў аргументаваў гэтую неабходнасць тым, што яго падабаронны „мае абгрунтаванае меркаванне, што бутэлькі з вадкасцю былі яму падкінутыя”.
Адвакат таксама прасіў прызначыць яшчэ адну комплексную псіхолага-лінгвістычную экспертызу зместу пастоў у тэлеграм-канале Дзядка. Суддзя адказала, што гэтае пытанне будзе вырашацца на наступным паседжэнні.
У судзе абвешчаны перапынак да 5 ліпеня. Пачатак судовага паседжання а 14-й гадзіне.
* * *
Сёння, 1 ліпеня, працягваецца суд над журналістам і актывістам Міколам Дзядком.
Аднак судовы працэс спачатку адклалі амаль на гадзіну — ва ўсім будынку Менскага гарадскога суда знікла электрычнасць. Падтрымаць Міколу Дзядка прыйшло больш за 20 чалавек. Сярод іх — бацька з жонкай, дзяўчына, сябры, супрацоўнікі італьянскай амбасады.
Адвакат Маслаў просіць агучыць асобныя матэрыялы справы, якія тычацца медычнага агляду Міколы ў ізалятары 20 лістапада. Адвакат пералічвае ўсе пашкоджанні, што атрымаў Дзядок. Ён распавёў, што калі Дзядка затрымлівалі, то выбілі дзверы, душылі Міколу падушкай, распылялі пярцовы газ. Пры затрыманні Дзядок супраціву не аказваў. Пасля яго даставілі ў ГУБАЗіК, засоўвалі яму ў рот бутэлькі, якія нібыта ў яго знайшлі. Далі падпісаць дакументы, якіх ён не бачыў. Міколу Дзядка абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novychas.by