Суд над журналісткамі “Белсата” працягнецца 17 лютага (абноўлена)



Працягнецца працэс 17 лютага а 10:00. У судзе Фрунзенскага раёна Менска 16 лютага працягнулі працэс над журналісткамі «Белсата» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Іх вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Відавочна судзя некуды спяшаецца. Кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, які, дарэчы, на судовы працэс паехаў адразу пасля ператрусу ў сябе дома.

– Абсалютна непрадказальна, таму што думалі, што будуць глядзець відэа, а відэа не хочуць глядзець цалкам. Відавочна, што суддзя хоча максімальна хутка разгледзіць гэтую справу. Нейкія прагнозы рабіць цяжка, але відавочна, што максімальна хутка хочуць разгледзець справу і адправіць нашых каляжанак, магчыма, за краты. Я не ведаю, які будзе прысуд, але справу разглядаюць у экстраным рэжыме.

Напрыканцы сённяшняга дня (16.02.21) – выклікалі сведку з «Менсктрансу», які пацвердзіў, што страты кампенсавалі ў поўным аб’ёме. «Прэтэнзіяў у «Менсктрансу» няма, бо ўсе страты кампенсаваныя ў поўным аб’ёме», – заявіў прадстаўнікі арганізацыі Раман Прановіч.

Следства сцвярджае, што стрым на тэлеканале „Белсат”  нібыта пацягнуў за сабой спыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Праз гэта пацярпела «Менсктранс», шкоду ацанілі ў 11 562 рублі і 14 капеек.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Менску працягваецца суд над журналісткамі „Белсата” Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Незалежныя СМІ ў залу не пусцілі.

Журналісткі за кратамі з 15 лістапада 2020 года. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Крымінальную справу супраць журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай разглядае Фрунзенскі раённы суд Менска. Іх вінавацяць паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзяўчат затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансляцыю разгону мітынгу ў памяць пра Рамана Бандарэнку. Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зняволення.

На пасяджэнне пусцілі толькі здымачныя групы дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і СТВ. Незалежныя журналісты застаюцца на калідоры.

Беларускае Радыё Рацыя