Прысуд па справе журналістак “Белсата” абвесцяць 18 лютага (абноўлена)
“Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калег”, – заявіла ў сваім апошні слове на судзе журналістка “Белсата” Кацярына Андрэева.
“…15 лістапада людзі, узрушаныя забойствам Рамана Бандарэнкі, выйшлі, каб выказаць свой пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на плошчы Перамен у жывым эфіры тэлеканала “Белсат”. За гэта мяне кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачвання. Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калег. Свабоду Дар’і Чульцовай, свабоду Кацярыне Барысевіч, свабоду Ігару Лосіку, Але Шарко, Юліі Слуцкай і астатнім сотням палітычных зняволеных”, – заявіла журналістка.
Пракурор патрабуе асудзіць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову на два гады калоніі. Прысуд будзе вынесены ў чацвер а 10-й раніцы.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Пракурорка Аліна Касьянчык запатрабавала для журналістак тэлеканала „Белсат” Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гучную справу разглядае суд Фрунзенскага раёна Менска. Андрэева і Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020-га, калі былі затрыманыя ў доме на „Плошчы Перамен” падчас стрыму з разгону сілавікамі вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі. Журналісткі прызнаныя палітзняволенымі. Сваёй віны яны не прызнаюць. Іх вінавацяць паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
* * *
17 лютага працягваецца суд над журналісткамі “Белсата” Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Чакаецца, што сёння пройдуць спрэчкі, а журналісткі выступяць з апошнім словам, піша Tut.by.
Напярэдадні была спыненая вытворчасць паводле пазову “Мінсктрансу”, паколькі шкода кампенсаваная цалкам. Раней журналістак вінавацілі і ў тым, што яны перашкодзілі руху грамадскага транспарту.
Cуддзя Наталля Бугук учора зачытала па-беларуску аналіз стрыма, які вялі журналісткі з сімвалічнай плошчы Перамен у Менску, лінгвістам. Аўтар лінгвістычнай экспертызы — прадстаўнік Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лукашанец. Паводле яго, словы Андрэевай мелі “аб’ектыўную мадальнасць” і “нейтральны характар”. Эксперт адзначае, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымліваюць заклікаў да нейкіх актыўных дзеянняў. Яна проста апісвала сітуацыю. А менавіта ў закліках да масавых беспарадках абвінавачваюць Чульцову і Андрэеву.
Беларускае Радыё Рацыя