Працягваецца судовы разгляд справы загінулай «на бульбе» дзяўчынкі
Школа, у якой вучылася загінулая «на бульбе» дзяўчынка, мяняе пазіцыю ў судзе. Ранейшы адказнік па справе быў зняты і заменены на дырэктара школы. Пра гэта паведаміў актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак, які прадстаўляў ў судзе інтарэсы бацькі загінулай дзяўчынкі.
– Былы намеснік па выхаваўчай працы школы №11, які ўласна і падпісваў гэты загад пра накіраванне дзяцей 8 класа на поле, хаця яго прасілі 10 клас, які гэты прыказ спачатку рабіў вусна, а потым заднім чыслом яго падпісваў. Вось гэты чалавек быў адазваны ў якасці прадстаўніка. І замест яго цяпер выступае ў якасці прадстаўніка дырэктар школы.
Дырэктар маладзечанскай школы № 11 Аляксандр Люльковіч, выступаючы ў судзе, фактычна прызнаў факт працоўных адносінаў паміж прадпрыемствам «Усход-Агра» і 13-гадовай школьніцай Вікторыяй Папчэней – працягвае Андрэй Стрыжак:
– Дырэктар школы адразу сказаў, што па артыкуле 25-ым Працоўнага кодэкса ёсць факт таго, што самі працоўныя адносіна пачынаюцца ад самаго факту іх пачатку. Чалавек узяў бульбіну, паклаў яе ў вядро – значыць ён ужо працуе. Але ёсць артыкул 227-ы, у якім гаворыцца, што асобы да 14-ці год не могуць падпісваць працоўных дамоваў. На што дырэктар сказаў, так як у яго няма свайго юрыдычнага аддзела, то яны не могуць даць паўнавартасную юрыдычна-прававую адзнаку гэтаму факту і пакідаюць гэта на права суда.
Дзяўчынка загінула сёлета 29 верасня на полі пад калёсамі грузавіка падчас уборкі бульбы. Прафсаюз РЭП дапамагае бацькам загінулай дзяўчынкі даказаць факт незаконных працоўных адносін, які стаў прычынай трагедыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя