Працягваецца ціск на Баранавіцкае незалежнае выданне Intex-press



Працягваецца ціск на Баранавіцкае незалежнае выданне Intex-press пасля публікацыі інтэрв’ю з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай.

5 траўня дырэктара газэты Intex-press Уладзімера Янукевіча ўжо другі раз судзілі за інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Працэс адбыўся ў Берасцейскім абласным эканамічным судзе. За «распаўсюд забароненай інфармацыі» выдаўца пакаралі штрафам у памеры 4350 рублёў. Так пастанавіў абласны эканамічны суд. 26 красавіка за гэтае ж «парушэнне» суд у Баранавічах ужо аштрафаваў яго на 580 рублёў.

4 траўня рэдакцыя Intex-press атрымала пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Яно прыйшло па электроннай пошце. У дакуменце гаворыцца, што рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газеце 14 красавіка, прызнанае экстрэмісцкім, у сувязі з чым Мінінфарм «папярэджвае юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты Intex-press, ТАА „Выдавецкі дом” Інтэкс-прэс”, аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў артыкула 38 „Закона аб СМІ” і паведамляе, што „дапушчаныя парушэнні неабходна ліквідаваць” і паведаміць пра гэта міністэрства да 14 траўня, піша сайт БАЖа.

Таксама 4 траўня рэдакцыя атрымала ліст ад дырэктара Берасцейскага філіяла ТРУП „Белсаюздрук” Таццяны Зіневіч. У ім гаворыцца, што з 5 траўня 2021 года прадпрыемства «адмаўляецца ад выканання дагаворных абавязацельстваў у аднабаковым парадку». У рэдакцыі кажуць, што будуць абскарджваць гэта рашэнне Берасцейскага філіяла «Белсаюздруку», паведамляе spring96.org.