Працягваецца ціск на незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну
На журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну складзены трэці пратакол-апытанне за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. Пратакол у Бярозаўскі РАУС перадалі з Янаўскага раённага аддзела міліцыі за подпісам начальніка аддзела міліцыі.
У пратаколе трэба было адказаць на 5 пытанняў, якія нібыта звязаны з наведваннем Шчапёткінай свінафермы “Сухое”. Свінаферму хутка і з маланкавай хуткасцю ліквідавалі, пакінуўшы амаль увесь калектыў у 270 чалавек без працы.
„Я адмовілася адказваць на пытанні, скарыстаўшыся арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не сведчыць супраць самой сябе”, – кажа журналістка:
– Я ўпэўнена, што цяперашні ціск, які ідзе на мяне, гэта чарговы наступ Камітэта дзяржбяспекі. Так заўсёды адбываецца, калі пагаршаюцца справы ў краіне, абвастраюцца праблемы. Замест таго, каб паляпшаць гэтыя справы, ліквідоўваць праблемы, робіцца наступ на незалежных журналістаў, каб прымусіць іх замаўчаць.
Пасля выхаду на Беларускім Радыё Рацыя рэпартажу пра свінаферму “Сухое” Янаўская міліцыя 12 ліпеня, не прадставіўшыся, незаконна здзейсніла вобшук свінарак, якія вярталіся з працы. Акрамя гэтага, яны паказалі партрэт Шчапёткінай і ўчынілі допыт наконт таго, ці ведаюць такую журналістку, хто яе выклікаў на ферму, дзе ўзялі нумар яе тэлефона. Праз два дні пасля гэтага Шчапёткінай прынеслі позву наконт працы без акрэдытацыі, але тады па іншых артыкулах.
Беларускае Радыё Рацыя