Працягваецца ціск на незалежных журналістаў



Працягваецца ціск на журналістаў-фрылансэраў у Беларусі. Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна атрымала позву ў суд Бярозаўскага раёна. Судовы працэс над ёй адбудзецца заўтра.

– У паштовай скрыні была позва, у якой пазначана, што мне яе прыносілі, але мяне не было дома. Вечарам а 18-й гадзіне прыйшоў судовы работнік і прынёс мне асабіста пад роспіс позву, што я запрашаюся на судовы працэс у 14.30 17-га снежня. Працэс будзе весці суддзя Наталля Вакульчык.

Тамару Шчапёткіну абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, як напісаў у пратаколе намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Бярозаўскага РАУС капітан міліцыі Мікалай Пракурат.

“Гэта праявілася ў тым, – піша Пракурат, – што журналістка Тамара Шчапёткіна, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю ў загадчыка аптэкі № 18 Алега Казюпы. Яно было размешчана на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Пацярпелыя ад інтэрв’ю адсутнічаюць”.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя