Яўген Скрабец аштрафаваны на 20 базавых велічынь (абноўлена)



20 базавых велічыняў, або інакш 480 рублёў – такі прысуд абвясціў суд у Лунінцы незалежнаму журналісту Яўгену Скрабцу, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя. 

Журналіста судзілі  па арт. 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Ён бараніў сябе сам і справабаваў даказваць сваю невінаватасць на падставе артыкулаў Канстытуцыі, якія дазваляюць збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Таксама ён спрабаваў даказаць суддзі, што браў інтэрв’ю ў так званага „маркоўнага караля” – кіраўніка лунінецкай фермерскай гаспадаркі «Навіцкіх» – у якасці фрылансера. Кажа Яўген Скрабец:

– Нягледзячы на тое, што ўсе сведкі, а гэта галоўны рэдактар выдання “Медыя-Палессе” Святлана Гарда, сябра БАЖ Алена Яроўская, якая арганізоўвала прэс-тур, у межах якога я браў гэтае інтэрв’ю, і сам фермер Уладзімір Навіцкі, якога выклікалі тэрмінова, каб пацвердзіў тое, што пазначана ў пратаколе, нібы я 18 чэрвеня браў інтэрв’ю. Ён абвергнуў гэта, бо ўсё гэта здарылася 14-га. Я спадзяваўся, што пратакол адправяць на дапрацоўку з-за заканчэння тэрміну прыцягнення да адказнасці 2 месяцы.

Яўген Скрабец мае намер абскарджваць рашэнне Лунінецкага  суда, якім ён пакараны за супрацоўніцтва з нашым радыё, у вышэйшых інстанцывях.

* * * 

Сёння журналіста Яўгена Скрабца, які супрацоўнічае з нашым Беларускім Радыё Рацыя, чакае суд у Лунінцы. Яго вінавацяць па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Журналіст будзе бараніцца сам і даказваць сваю невінаватасць на падставе артыкулаў Канстытуцыі, якія дазваляюць збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Таксама ён збіраецца даводзіць суддзі, што браў інтэрв’ю ў так званага „маркоўнага караля” – кіраўніка лунінецкай фермерскай гаспадаркі «Навіцкіх» – у якасці фрылансера.

– Паглядзім, як адрэагуе суд. І плюс ёсць некалькі акалічнасцяў справы, якія, магчыма, дазволяць пазбегнуць пакарання, пра якія я пакуль што не магу сказаць.

Пачатак суда запланаваны на 10 гадзін 30 хвілін. Журналісту-фрылансеру пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org