Працягваецца ціск на прафсаюз РЭП
Працягваюць ціск на прафсаюз працоўных Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Адбыўся ператрус у доме былога яго кіраўніка Васіля Завадскага. Прычым у яго адсутнасць. Завадскі з’ехаў за мяжу, таму што не выключаў свайго затрымання. Ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ у прысутнасці яго дачкі.
Па словах каардынатара прафсаюза РЭП па Менску Ігара Комліка, гэта ўсё працяг кампаніі па разбурэнні дэмакратычных грамадскіх арганізацый і ціску на іх сябраў і кіраўнікоў. Цяжка ўявіць, што Васіль Завадскі займаўся нейкай супрацьзаконнай дзейнасцю:
– Васіль Завадскі – ураўнаважаны веруючы чалавек, сябра прафсаюза РЭП, які абараняе правы і інтарэсы работнікаў. Таму, я думаю, што ў дадзеным выпадку ўлады шукаюць усялякую магчымасць нейкім чынам “задушыць” грамадзянскую супольнасць у Рэспубліцы Беларусь. Гэта было заяўлена з іх боку, што грамадзянскай супольнасці будзе цяжка. І яго можа і не быць. Гэта Макей, наколькі я памятаю, заявіў. То бок у дадзеным выпадку робяцца спробы любым чынам прыцягнуць да якой-небудзь адказнасці, якую выдумае гэтая сістэма.
Безумоўна, гэты пераслед палітычна матываваны. Наш прафсаюз заўсёды дзейнічае щ межах існуючых законаў, як беларускіх, так і міжнародных, падабаецца гэта некаму ці не, – падкрэсліў Ігар Комлік.
Беларускае Радыё Рацыя