Працягваецца ціск на журналіста Змітра Лупача
Глыбоцкія міліцыянты працягваюць ціск на журналіста-фрылансера Змітра Лупача.
Маёр міліцыі Сяргей Цырбан склаў на яго чарговы пратакол за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. На гэты раз падставай стаў сюжэт для праграмы “Суб’ектыў” пра няякасны рамонт Фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў Глыбокім.
Як кажа Зміцер Лупач, у міліцыю ён пайшоў у масцы і пальчатках, міліцыянт, які яго апытваў, таксама быў у масцы і такіх жа чорных пальчатках. Пратакол складаўся хутка:
– Пратакол ужо быў складзены, я толькі подпісы паставіў, там доўга не быў. З паўгадзіны, можа, заняло ўсё, можа, менш, не засякаў проста час. Тэлефон ужо не забіралі.
Паводле Змітра Лупача, міліцыянты дапыталі і сведкаў, у якіх ён браў інтэрвʼю, у тым ліку загадчыцу сектара спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Таццяну Зеваліч. А з санкцыі пракурора раздрукавалі яго тэлефонныя размовы.
Цяпер журналіста-фрылансера чакае чарговы суд за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, які сёлета будзе ў яго чацвёрты па ліку.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя