Працягваецца збор подпісаў за амністыю асуджаных па „наркатычных” артыкулах



 З 4 па 6 студзеня больш за тысячу чалавек падпісаліся пад зваротам у органы ўлады аб ужыванні амністыі да асуджаных па „наркатычных” артыкулах. Збор подпісаў працягнецца яшчэ тыдзень, затым зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі, Генеральную пракуратуру, МУС і Палату прадстаўнікоў. Ініцыятар звароту — аргкамітэт па стварэнні грамадскай арганізацыі „Наша права”.

Подпісы збіраюцца ў электронным выглядзе на старонцы аргкамітэта ў адной з сацыяльных сетак.

Грамадзяне заклікаюць органы ўлады „спрыяць уключэнню ў законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 75-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, моладзь, асуджаную на падставе ч. 1, 2, 3, 4 арт. 328 КК”.

У 2019 годзе да маладых людзей, асуджаных па „наркатычных” артыкулах, упершыню за доўгі час была прымененая амністыя: пакаранне зменшанае на адзін ці два гады.

„Як паказала практыка прымянення такіх інструментаў права, гэтыя дзеянні з боку дзяржавы маюць неацэнны станоўчы ўплыў на маладых людзей, асуджаных на падставе арт. 328 КК да працяглых тэрмінаў пакарання, усяляе ў іх надзею, што яны не абыякавыя сваёй краіне, і спрыяе кансалідацыі нашага грамадства ў цэлым”, — гаворыцца ў звароце.

Аўтары адзначаюць, што з-за велізарнай колькасці наркотыкаў і псіхатропаў, што ўвозяцца ў краіну, большасць асуджаных маладых людзей былі залучаныя ў наркаабарот альбо сталі ахвярамі правакацыйных дзеянняў. „За негвалтоўнае злачынства, здзейсненае ўпершыню, пры раскаянні ў зробленым, за сотыя грамы сродкаў або рэчываў, альбо толькі на паказаннях зацікаўленых асоб нашу моладзь асуджаюць на дзесяцігоддзі. Знаходжанне ў пенітэнцыярнай сістэме моладзі такі доўгі час не спрыяе яе развіццю і сацыялізацыі. Лагерная псіхалогія атручвае ўсё грамадства, лік ідзе на тысячы чалавек, якія прайшлі праз турэмную мясарубку”, — лічаць аўтары звароту.

Яны спадзяюцца, што кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады і кіравання нашай краіны „не зробяць моладзь, якая спатыкнулася, пажыццёвым закладнікам замежных наркакартэляў і для кансалідацыі нашага грамадства знойдуць магчымасць зрабіць свой уплыў у палягчэнні лёсаў маладых людзей, асуджаных на падставе арт. 328 КК”.

Адна з аўтараў звароту Джэсіка Цыдвінцава адзначыла ў каментары БелаПАН, што органы ўлады прыслухаюцца да грамадзян. „Летась мы сабралі за амністыю больш за 2 тыс. подпісаў, і гэта дало вынік. Думаю, і сёлета да нас прыслухаюцца, таму што моладзі даюць рэальна велізарныя тэрміны. Амністыя дала б ім стымул хутчэй выйсці на волю і змяніць сваё жыццё”, — лічыць Цыдвінцава.

belapan.by