У Гародні скончыўся збор сродкаў на помнік Міхасю Жызнеўскаму
У Гародні скончыўся збор сродкаў на помнік Міхасю Жызнеўскаму, беларусу, які загінуў у час падзей на Майдане.
Намаганнямі грамадскіх актывістаў і сяброў розных палітычных партый і арганізацый было назбірана каля 400 даляраў – гэта 6 міл’ёнаў беларускіх рублёў.
Ініцыятар збору сродкаў гарадзенскі актывіст Дзяніс Івашын асабіста прывёз гэтыя грошы ў Гомель, дзе меў сустрэчу з сям’ёй Жызнеўскіх:
– Я асабіста перадаў гэту суму грамадскім актывістам у Гомель і меў магчымасьць сустрэцца з бацькамі Міхася Жызнеўскага – з Міхаілам Пятровічам і Нінай Васільеўнай. Яны зараз жывуць у Гомелі ў новай двухпакаёвай кватэры, якую ім дапамаглі набыць украінскія актывісты. Вельмі вялікую суму перадаў украінскі ўрад. Бацькі Міхаіла Жызнеўскага ўзрушаныя вялізнай падтрымкай украінскіх і беларускіх грамадзянаў.
Бліжэйшым часам ў Гародні пачынаецца збор сродкаў на медычную дапамогу у зону АТО. Падобым зборам у іншых гарадах Беларусі займаецца Андрэй Срыжак, які ўжо некалькі разоў разам з украінскімі валантэрамі перадаваў гэту дапамогу ва Ўкраіну.
* * *
Грошы на помнік Міхаілу Жызнеўскаму, беларусу, які загінуў пад час падзей на Майдане ў Кіеве, збіраюць у Гародні.
Апроч Гародні, грошы збіраюць на управе БНФ у Менску, збірае грошы на помнік таксама рэжысёрка і актывістка Вольга Мікалайчык.
У Гомелі зборам сродкаў займаецца Кастусь Жукоўскі і Андрэй Стрыжак. У Гародні ажыцяўляе збор сродкаў гарадзенскі актывіст, які правёў больш месяца падчас падзей на Майдане ў Кіеве Дзяніс Івашын:
– Збор сродкаў ажыццяўляецца грамадскімі актывістамі сярод розных грамадскіх арганізацый, палітычных партыяў. Звяртаюцца да нас таксама неабыякавыя беларусы, якія ўсведамляюць, што Міхась аддаў сваё жыццё таксама дзеля вызвалення нашай краіны. Людзі шчыра нясуць грошы.
Гэта ўжо не першы збор сродкаў, якім займаюцца гарадзенскія актывісты. Амаль год таму пасля гібелі Міхаіла гарадзенцы сабралі каля мільёну рублёў у дапамогу сям’і Жызнеўскіх.
Як паведаміла рэжысёрка і актывістка Вольга Мікалайчык:
– Мы збіраем сродкі на помнік першага Героя Нябеснай Сотні…Беларус мужна загінуў на Майдане ад кулі 12 калібру ў самае сэрца. Сродкі можна пакінуць ва Управе БНФ у скрыні „на помнік Міхасю Жызьнеўскаму” (Менск, завулак Чарнышэўскага, 3) Можна пераводам на мае імя: Нікалайчык Вольга Аляксандраўна, 220049, Мінск, вул. Алейная 15-2. Можна перадаць гомельскім актывістам Кастусю Жукоўскаму ды Андрэю Стрыжаку. У Гародні – праз актывіста Дзяніса Івашына.
Працуе над стварэннем помніку славуты беларускі скульптар Алесь Шатэрнік.
Плануецца ўсталяваньне помніка на вясковых могілках пад Гомелем, дзе пахаваны Міхась Жызнеўскі.
Беларускае Радыё Рацыя