Працягваюцца суды і праверкі ў дачыненні да крамы «Князь Вітаўт»



Пра гэта паведаміў кіраўнік згаданай берасцейскай гандлёвай установы Алег Чапараў

«Учора адбылося паседжанне, па выніках праверкі АБЭЗ, матэрыялы якой перадалі ў падатковую. Дык вось, падатковая налічыла нам парушэнняў амаль на 80 тысяч беларускіх рублёў, а суд мае права даць яшчэ і штраф у памеры да 50% ад згаданай сумы»:

– Юрыст нам сказаў, што іпэшніка могуць правяраць 96 інстанцый. А нас усяго пяць праверыла. Таму, канешне, мы думаем, што ўсё роўна штраф для нас будзе вялікі. Працаваць мы хутчэй за ўсё далей не зможам. Зараз мы прыпынілі ўсе пастаўкі ў краму. Проста прадаем усё тое, што было атрымана раней. Можа яшчэ гэты месяц дапрацуем, а потым хутчэй за ўсё ўжо не зможам. Будзем прасіць людзей дапамагчы назбіраць на штраф, але я не думаю, што рэальна назбіраць такія вялікія грошы.

«Мы пагаджаемся з парушэннямі на 20 тысяч, а не на 80. Прынеслі ў пацверджанне гэтага стос папер. Суд сказаў прадстаўніку падатковай, які быў на судзе, праверыць гэтую інфармацыю і перанёс паседжанне на 11 лютага 2021 на 15:00», – падсумаваў Алег Чапараў. Акрамя гэтага прадстаўнікі крамы абскарджваюць вынікі іншых, ранейшых праверак.

Беларускае Радыё Рацыя