Працягваюцца суды над удзельнікамі акцый супраць адмовы ЦВК зарэгістраваць Бабарыку і Цапкалу
У раённых судах Менска сёння працягваецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых 14 ліпеня ўдзельнікаў стыхійных акцый супраць адмовы Цэнтрвыбаркама зарэгістраваць кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.
Як паведамляе spring96.org, толькі ў Менску вечарам 14 ліпеня было затрымана больш за 280 чалавек. Частку з іх вызвалілі без складання адміністрацыйных пратаколаў, некаторых адпусцілі пасля складання пратаколаў на падставе артыкулаў 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КоАП. Частка затрыманых засталіся ў ізалятарах да суда.
У Менску працэсы праходзяць у судах Заводскага, Фрунзенскага, Кастрычніцкага, Першамайскага, Савецкага раёнаў. Увогуле суды разглядаюць больш за 20 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Напярэдадні, 15 ліпеня, у раённых судах Менска было разгледжана больш за 80 адміністрацыйных спраў. Удзельнікаў пратэстаў, паводле інфармацыі праваабаронцаў, караюць арыштамі (ад 10 да 15 сутак) ці буйнымі штрафамі (ад 35 да 55 базавых велічынь).
15 ліпеня суды прайшлі, акрамя таго, у Гомелі, Берасці, Пружанах (Берасцейская вобласць), Салігорску (Менская вобласць), дзе ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў таксама вынесеныя пастановы аб арышце ці штрафе.
Як паведамлялася, пасля падзей 14 ліпеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу „па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Менска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Як вынікае з паведамлення, размешчанага ў тэлеграм-канале СК, справа распачатая ўпраўленнем Следчага камітэта па Менску на падставе артыкула 342 КК. „Асобы, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці, затрыманыя. Іх дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка”, — заявіў СК.
Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, у акцыях пратэсту 14 ліпеня ў сталіцы ўдзельнічала прыблізна дзве тысячы чалавек. Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама Іван Кубракоў на брыфінгу 15 ліпеня, „у дачыненні да 115 грамадзян, якія актыўна ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, аказвалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах, а таксама непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.
„Пры спыненні незаконных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі таксама атрымалі цялесныя пашкоджанні. Шэсць супрацоўнікаў у цяперашні час звярнуліся ў медыцынскую ўстанову, дзе ім аказваецца дапамога, чатыры з іх шпіталізаваныя”, — паведаміў начальнік ГУУС. Шпіталізаваныя „тыя, у каго былі траўмы на твары, на галаве і гэтак далей, ранкі”.
belapan.by