Судовы канвеер у Менску: 12 спраў за Дзень Волі (абноўлена)
У судзе Савецкага раёна Менска прайшлі суды над удзельнікамі Дня Волі. Усяго ў суд перададзены пратаколы на 12 чалавек. Хаця шэсце і мітынг на Дзень Волі 25 сакавіка быў дазволены ўладамі, аднак усіх судзілі нібыта за парушэнне правіл правядзення масавых мерапрыемстваў. Актывіст грамадзянскай ініцыятывы „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі назваў падобныя працэсы палітычнай правакацыяй і папярэдзіў суддзяў аб крымінальнай адказнасці.
– Вось такая правапрымяняльная практыка, якую мы бачым у судзе, яны заўляюць, што мы, удзельнікі мерапрыемства, павінны былі ціха сабрацца, ціха стаць і ціха кудысьці пайсці. Нават самі міліцыянты, калі даюць паказанні, яны разумеюць, як можна судзіць людзей, якія сабраліся на дазволеную акцыю, згодна Канстытуцыі, каб яны не выкрыквалі там лозунгі. Але суддзі гэта дзіўным не падаецца. Я папярэдзіў, што іх дзеянні будуць ацэненыя згодна беларускага закандаўства рана ці позна.
Суддзя Марына Фёдарава аштрафавала Мааксіма Вінярскага на 35 базавых велічынь (7 мільёнаў 350 рублёў). Іншыя палітычныя і грамадскія актывісты таксама падвяргаліся штрафам, у асноўным у памеры ад 25 да 40 базавых велічынь.
* * *
Выканаўца абавязкаў Менскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў напісаў скаргу на дзеянні суддзі Вольгі Дубаневіч з суда Савецкага раёна Менска. Мікалай Казлоў быў прыцягнуты да адказнасці нібыта за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў за ўдзел у дазволеным уладамі Дне Волі. Ён быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь а гэта 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Аднак, па словах Мікалая Казлова, суддзя дапусціла грубыя парушэнні.
– Я хачу адзначыць, што падчас абвешчанага перапынку для вынясення рашэння, суддзя, калі знаходзіўся ў сваім кабінеце, па сутнасці у дарадчым пакоі, і калі я зазірнуў туды праз нейкі час, я пабачыў, што яна размаўляе па тэлефоне. То бок у мяне ёсць усе падставы зрабіць выснову пра тое, што тэлефоннае права ў судзейскім корпусе прысутнічае, і гэта абсалютнае парушэнне закона. І канешне, у сваёй скарзе я звярну ўвагу на гэтую акалічнасць.
Па меркаванню Мікалая Казлова, дарэчы, былога супрацоўніка міліцыі, тэхнічна вельмі лёгка высветліць, у які час і каму суддзя рабіла гэты званок. „Таму рашэнне, якое суддзя Дубаневіч вынесла, павінна быць адменена, а суддзя пакараная”, – лічыць Мікалай Казлоў.
* * *
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пакараны штрафам у памеры 35 базавых велічынь (7 міліёнаў 350 тысч рублей) за ўдзел у дазволеным уладамі святкаванні Дня Волі ў Менску, якое прайшло 25 сакавіка.
Па меркаванню палітыка, хаця ў Беларусі ўжо некалькі месяцаў не адбываецца адміністрацыйных арыштаў, аднак пачалося сістэмнае пагаршэнне ў стаўленні ўлады да арганізатараў і ўдзельнікаў нават дазволеных масавых мерапрыемстваў.
– Калі раней існавала ясная, прынамсі зразумелая, логіка ў дзеяннях уладаў, дык на сённяшні момант мы бачым, што да адказнасці прыцягваюцца ўдзельнікі як санкцыянаваных, так і несакцыянаваных мерапрыемстваў, як актыўныя ўдзельнікі-арганізатары, так і шараговыя ўдзельнікі мерапрыемстваў. То бок рэпрэсіўная сістэма працягвае працаваць на застрашванне людзей. Хоць адміністрацыйныя арышты не ўжываюцца, аднак штрафы досыць высокія даюць удзельнікам мерапрыемстваў, у тым ліку санкцыянаваных.
Па меркаванню старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, такім чынам улады імкнуцца паменшыць колькасць удзельнкаў нават дазволеных мерапрыемстваў.
„Раней людзі былі адносна ўпэўненыя, што калі яны ўдзельнічаюць у дазволеных мерапрыемствах, то не будуць пакараныя. Зараз такой упэўненасці ўжо няма”, – кажа Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
У судзе Савецкага раёна Менска разглядаюцца справы ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка.
Так, ужо стала вядома, што Касю Людвіг пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічынь; Максіма Вінярскага – 35 базавых велічынь; Яўгена Батуру – 30 базавых велічынь. Мікалая Казлова пакаралі штрафам у 40 базавых велічынь.
Ужо разгледжана справа і сустаршыні аргкамітэта па ставарэнні партыі Беларуская Хрысцінаская Дэмакратыя – Віталя Рымашэўскага:
– Калі зайшоў у залу, аказалася, што ўжо ўсе сведкі апрошаны і матэрыялы справы заслуханы. Рэкорды б’юць нашыя суды па хуткасці. Фактычна ў 10 хвілін уклаўся весь суд нада мной. Хутчэй за ўсё я буду пакараны па адміністрацыйнай справе.
Па звестках праваабаронцаў, сёння мусіць адбыцца ажно 12 судоў. На дадзены момант працягваецца разгляд судовых спраў.
* * *
28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Менска пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі.
Дазволенае шэсце 25 сакавіка часткова праходзіла не па заяўленым маршруце. Гэта ўлады палічылі парушэннем парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
На многіх дэманстрантаў склалі адміністрацыйныя пратаколы. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі атрымаў позву на 14:30.
– Думаю, гэта з прычыны акцыі на Дзень Волі. На позве няма тлумачэнняў, чаму выклікаюць у суд. У прынцыпе, нашы суддзі любяць проста выклікаць, пазначыўшы артыкул і не дадаўшы нічога больш. Але я хачу сказаць, што на 14:30 на свой суд я не траплю, бо ў гэты ж час будуць суды над актывістамі, якія былі ўдзельнікамі акцыі 25 сакавіка.
Гэта відавочнае аблічча беларускага рэжыму, карніцкай сістэмы. Сёння суды, міліцыя – гэта прыслуга дзейснага рэжыму. Таму пра ніякія незалежныя суды няма размовы. Таму калі не атрымаецца, то я на свой суд нават і не траплю. Бо я перакананы, што ўжо ляжыць пратакол і за 26 красавіка, за “Чарнобыльскі шлях”, на мяне як аднаго з арганізатараў. І ўжо маецца, думаю, напісанае пад капірку судовае рашэнне. На жаль, сённяшняя сітуацыя ў Беларусі выглядае менавіта так.
На судовы канвеер сёння выклікалі актывістаў Касю Людвіг, Максіма Вінярскага, Алеся Макаева, Яўгена Батуру, Мікалая Коласа, Змітра Паліенку, Змітра Сільчанку, Змітра Дашкевіча, Мікалая Казлова, старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і намесніка старшыні Руху „За Свабоду” Алеся Лагвінца.
* * *
Cуды над удзельнікамі Дня волі працягнуцца сёння ў Менску. Паколькі дазволенае шэсце часткова праходзіла не па заяўленым маршруце, на многіх удзельнікаў масавага мерапрыемства склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці ў судзе Савецкага раёна Менска будзе разглядаецца справа намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца:
— Пайду, а што ж рабіць. Я не вінаваты, дык навошта бараніцца. Я скажу тое, што я думаю, але гэта чыноўнікі, якія павінны вырашаць, што рабіць. Якія могуць быць чаканні ад суда ў аўтарытарнай краіне? У нармальнай краіне такой судовай справы увогуле не павінна было быць.
Таксама сёння будуць судзяць актывістаў Касю Людвіг, Максіма Вінярскага, Мікалая Коласа ды старшыню партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Позву ў суд на 28-га красавіка даслалі таксама і сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталю Рымашэўскаму. У позве адзначана, што ён выклікаецца “за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых акцый”, аднак за якую менавіта акцыю – не ўказана.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя