„Праўда пра Курапаты” – выстава ў Палацы мастацтваў (абноўлена)



Правядзенне выставы „Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні” надзвычай важна для грамадства, якому неабходна нагадваць пра крывавыя старонкі айчыннай гісторыі, звязаныя з часамі сталінскіх рэпрэсій, – лічыць бард і адзін з абаронцаў Курапатаў ад разбурэння падчас рэканструкцыі менскай кальцавой дарогі ў 2001-1002 гадах Зміцер Захарэвіч.

Ён нагадаў, што некалькі дзён таму у Менску адкрыўся гандлёвы комплекс „Ленінград”. І пры адкрыцці выкарыстоўвалася савецкая сімволіка і партрэты Леніна і Сталіна.

– Мы мусім памятаць, хто быў у тыя часы галоўнымі катамі беларускага народа. Як раз гэтыя людзі. Мы хочам паказаць грамадству – вось што адбывалася. Так, Курапаты – гэта трагедыя. Так, Курапаты – гэта пэўная нам навука… Я не адну ноч правёў у курапацкім намёце ў 2001-2002 гадах як абаронца, калі стаялі і не давалі дзяржаве правесці кальцавую дарогу.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

І тады удалося адстаяць частку мемарыялу, якая непазбежна была б знішчана, калі б не пазіцыя абарнцаў Курапатаў. У асноўным гэта была моладзь. „Таму ўрок Курапатаў не толькі ў тым, каб памятаць гістарычныя падзеі, імёны ахвяраў, знішчаных у 30-я гады мінулага стагоддзя, а таксама іх катаў, але і ў тым, што толькі калі дзейнічаеш і супраціўляешся, то ёсць шанец адстаяць тое, што мусім памятаць, адстаяць нашую гістрыю,” – сказаў Зміцер Захарэвіч.

* * *

У Менску рыхтуецца правядзенне буйной выставы „Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. Яна павінна адкрыцца 13 лістапада ў 17 гадзін у Палацы мастацваў і працягнецца 3 дні. Па словах аднаго з яе арганізатараў, грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, тэма Курапатаў, якая нагадвае пра ахвяры масавых рэпрэсій сталінскіх часоў, вельмі важная для ўсяго беларускага грамадства. „У кожнага беларуса продкі могуць ляжаць у Курапатах,” – кажа Марат Гаравы.

– Гэтая выстава пра Курапаты – іх мінулае, сённяшняе і будучыню. Гэтая выстава пра тое, як жылі Курапаты цягам апошніх 27 гадоў пасля іхняга адкрыцця. Пра тое, што яны перажылі і што з імі перажыла беларускае грамадства. Будуць праўстаўлены фотаздымкі, артэфакты, успаміны, дакументы, цікавыя сведчанні, я бы сказаў, унікальныя і нават сенсацыйныя факты.

Таксама будуць экспанавацца палотны беларускіх мастакоў, прысвечаныя тэме Курапатаў і сталінскіх рэпрэсій савецкіх часоў.

Па словах Марата Гаравога, ён упэўнены, што выстава падштурхне інтарэс грамадства да тэму Курапатаў. Таму падобныя мерапрыемствы будуць мець працяг.

Беларускае Радыё Рацыя