Праўда ці прапаганда. Што важней?



– Там нас успрымаюць адназначна, як ворагаў так званых ДНР і ЛНР, і тут, украінскія палітыкі, пачынаюць нам казаць – мы ворагі. Паміж сабой мы жартуем, што значыць робім усё правільна, калі такая рэакцыя і тут, і там, – журналістка „Грамадскага тэлебачання” Наста Станко ў праекце „Месца для прэсы”  пракаментавала скандал ва Украіне, які звязаны з публікацыямі на сайце цэнтра „Міратворац”.

Наста Станко

„Журналісты, якія супрацоўнічалі з тэрарыстамі” – з такім каментаром сайт цэнтра „Міратворац” апублікаваў спісы з прозвішчамі амаль 4 тысячы журналістаў, якія былі акрэдытаваныя на тэрыторыях так званых ДНР і ЛНР. На сайце міратворца знайшліся і прозвішчы беларускіх журналістаў  – фотакарэспандэнта Associated Press Сяргея Грыца і журналіста Паўла Дабравольскага.

Ва ўкраінскім грамадстве пачалася дыскусія – акрэдытаваныя ў ДНР і ЛНР журналісты – ворагі ці прафесіяналы, якія проста здыбывалі інфармацыю з першых крыніцаў.

Называць акрэдытаваных журналістаў „пасобнікамі тэрарыстаў” – гэта нонсэнс, – працягвае Наста Станко.

– Калі, напрыклад, мяне акрэдытоўваюць ў Вярхоўную Раду, ці гэта значыць, што я „пасобніца” ўсіх дэпутатаў, альбо, калі мяне акрэдытоўваюць у адміністрацыю прэзідэнта, ці гэта значыць, што я падпарадкоўваюся прэзідэнту. Мы журналісты выдатна разумеем, што гэта нонсенс. Акрэдытацыя – гэта толькі норма абароны і бяспекі, што дазваляе працаваць на пэўнай тэрыторыі і не патраціць у падвал.

У 2014-2015 гадах у падвалах так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік пабывала каля 80 журналістаў. Нагадвае Наста Станко, паводле якой,

Сітуацыі былі небяспечныя – журналісты там не проста сядзелі – іх катавалі, нават былі выпадкі гвалту і так далей.

– Бяспека перад усім, калі мы хочам данесці сапраўды праўдзівую інфармацыю, – кажа Наста Станко, якая сама калісьці патрапіла ў палон да баевікоў так званай Луганскай народнай рэспублікі. Цяпер яна перакананая, што такая акрэдытацыя магла б ёй дапамагчы, але тады такой сістэмы яшчэ не было.

[youtube id=”bFTijkp7SzE”]

– У Луганск тады я паехала з адной мэтай, каб высветліць, што адбываецца па той бок канфлікту, што адбываецца з мірным насельніцтвам. І тады я патрапіла ў палон да баевікоў ЛНР, таму што яны таксама не паверылі, што ўкраінскі журналіст можа толькі высвятляць інфармацыю.

А зараз украінскія палітыкі робяць тое ж самае – таксама не вераць, што журналісты толькі высвятляюць праўдзівую інфармацыю з розных бакоў.

Хто тут патрыёт?

Цэнтр „Міратворац”, які апублікаваў звесткі журналістаў, закрыў свой сайт. Сваё рашэнне там тлумачаць рэакцыяй, якую выклікала публікацыя спісу журналістаў ды патрабаваннямі міжнароднай супольнасці. Зліквідаваць гэтыя спісы на сайце патрабавалі журналісцкая і праваабарончая супольнасці, украінскія і заходнія палітыкі. „А давайце ўважлівей прачытаем паведамленне,” – заклікае Наста Станко:

– Калі ўважліва прачытаць, дык яны напісалі, што толькі пераносяць гэтыя базы звестак і ўвогуле іншыя базы звестак пра журналістаў, акрэдытаваных у ДНР на іншыя публічныя рэсурсы, дзе кожны зможа свабодна спампаваць іх.

Выглядае, што яны не зрабілі нічога, каб запэўніць бяспеку журналістам, а наадварот нас кідаюць у яшчэ большую небяспеку.

І тое, што яны закрываюць сайт, дзе раней, як яны думаюць, публікавалі звесткі пра сепаратыстаў і тэрарыстаў, – далей правакуе яшчэ большае непаразуменне ў грамадстве, бо цяпер усе ў гэтым абвінавачваюць журналістаў.

Я яшчэ раз скажу – журналісты не дамагаліся закрыцця сайту. Гэта рашэнне толькі, тых хто на гэтым сайце працуе.

Больш таго з сайтам звязаныя пэўныя структуры, што выклікае дадатковыя пытанні. Паводле расследавання украінскіх журналістаў сайт вельмі блізкі да Міністэрства ўнутранных справаў Украіны, у тым ліку да дарадцы міністра Антона Герашчанкі.

– І вось літаральна мы бачым, што і міністр унутраных справаў Арсен Авакаў падтрымлівае сайт „Міратворац” ды хоча, каб ён не закрываўся,

– дадае Наста Станко, – тут узнікае важнае пытанне: чаму міліцыя, якая павінна бараніць закон, бараніць прыватныя звесткі, наадварот садзейнічае, каб гэтыя звесткі публікаваліся, усё робіцца для таго, каб раскалоць медыя. І расказаць, хто тут патрыёт, а хто не.

[youtube id=”B5WgYnFk0JU”]

– Калі ў краіне вайна, то, канешне, ёсць пэўныя сілы, я не ведаю, ці яны ўнутры краіны ці зарганізаваныя знешне, але гэтыя сілы ўсё больш і больш нагнятаюць сітуацыю, сярод такіх і журналісты,

– працягвае Наста Станко.

Па словах Насты Станко, ва Украіне зараз ёсць журналісты, якія імкнуцца працаваць паводле стандартаў, адлюстроўваць інфармацыю такой, якая яна ёсць і падаваць праўду, а ёсць катэгорыя журналістаў, якія перакананыя, што прапаганда ва ўмовах вайны дарэчная, што яна можа быць, што можна якуюсь праўду схаваць, а нешта прыхарашыць. І такая дыскусія працягваецца.

– Мае перакананне і маіх калегаў з „Грамадскага тэлебачання”, дзе я працую, без праўды таксама не магчыма выйграць вайну.

Бо, калі людзі бачаць, што прадстаўнікі СМІ іх увесь час падманваюць, альбо не дагаворваюць, альбо згушчаюць фарбы, то яны перастаюць давяраць хоць каму. І таму, калі ствараецца небяспека для іх жыцця і здароўя, яны не ведаюць што ім рабіць, бо карціна, што адбываецца насамрэч ім не вядомая. Вось гэта найбольш палохае – мы ўсе вінаватыя у тым, што не даносім праўдзівую інфармацыю.

Відавочная наша віна – мы не пераканалі палітыкаў у тым, што праўда важнейшая за прапаганду. І мы цяпер бачым як некаторыя палітыкі настойваюць на прапагандзе.

Дыскусія, пра тое, што патрэбна сёння Украіне, праўда ці прапаганда, трывае даўно. Гэта паводле журналісты Насты Станко.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя. Месца для прэсы