Праўдзівыя вобразы з жыцця Палесся
З нагоды 920-годдзя сталіцы Палесся – Пінска ў горадзе мусіць з’явіцца новы аб’ект вулічнага мастацтва. Скульптура «Пінчука» размесціцца ў гістарычнай часцы горада над Пінай. Яе рыхтуе берасцейскі творца Аляксей Паўлючук. Паводле слоў аўтара, праца – гэта збіральны вобраз жыхара Піншчыны з літаратуры ХІХ-стагоддзя.
Аб’ект выклікаў шырокае абмеркаванне сярод гараджан, асабліва ў сацыяльных сетках. Між іншым некаторыя краязнаўцы і аматары мінуўшчыны выказаліся за тое, што можа варта было б адрадзіць вядомую скульптуру «Паляшук з вяслом» Фёдара Лаўрова. Магчыма ёсць сэнс у вяртанні былой спадчыны і не выдумляць новае аблічча. Дыскусія на гэтую тэму дала падставу ўзгадаць забытае імя мастака, крыкатурыста Фёдара Лаўрова (1899-1971) ды таго дзядзьку з вяслом.
Уцёк ад чырвонага тэрору, але трапіў пад сталінскія рэпрэсіі
Фёдар Лаўроў з’явіўся на свет у сям’і вайскоўца ў глыбі Расейскай імперыі. Пасля кастрычніцкага перавароту бальшавікоў, юнак збег у Пінск. Дарэчы ў горадзе над Пінай знайшлі прытулак сотні расейскіх сем’яў нязгодных з рэжымам Леніна-Троцкага. Пінск стаў сапраўдным анклавам часткі расейскай эміграцыі. Тут яны заклалі свае прадпрыемствы, таварыствы, выдавецтвы і навучальныя ўстановы. Гэта тэма патрабуе дэталёвага вывучэння і па ёй магчыма напісаць не адную навуковую працу. Мірнае існаванне эмігрантаў з Расеі, як і тутэйшых жыхароў, абарвалася ўвосень 1939 года.
Да Другой Сусветнай вайны Фёдар Лаўроў паспеў скончыць Варшаўскую Акадэмію мастацтваў і зарэкамендаваць сябе прафесійным мастаком шырокага профілю. Працаваў над афармленнем пінскага музея, стварыў вітражы для праваслаўнай святыні – Фёдараўскага сабора, праявіў талент у многіх напрамках: разьба па дрэве, скульптура, праца з металапластыкам. Для штогадовага Палескага ярмарка распрацаваў рэкламна-інфармацыйны плакат і стварыў скульптуру «Паляшук з вяслом». Праца стала сімвалам ярмарка і надоўга запомнілася пінчукам.
Кар’ера на Палессі скончылася ў 1941 годзе. Лаўрова бальшавікі назвалі «ворагам народа» і выслалі з сям’ёй у ГУЛАГ. Лагернае жыццё зацягнулася да канца 1940-х гадоў. Знаходжанне ў зняволенні палягчала магчымасць займацца ўлюблёнай справай – маляваў, рабіў скульптуры, адказваў за працу цэха мастацкіх промыслаў. Пасля вызвалення Лаўровы аселі ў падмаскоўі. Трэба адзначыць, што сын Дзмітрый Фёдаравіч Лаўроў дасягнуў вялікіх поспехаў у медыцыне і ўжо пасля распада СССР наведаў Пінск, каб пазнаёміцца з тым горадам, дзе адбылося станаўленне ягонага бацькі.
Фёдар Лаўроў пасля лагераў. Аўтапартрэт зроблены ў пінскі перыяд
Як той палескі ярмарак гудзеў
Да 1936 года кірмашы ў Пінску ладзіліся па некалькі разоў на год і цягнуліся да 2 тыдняў. Вельмі часта ўсё называлі «водным гандлем», бо свой тавар сяляне рэалізоўвалі не выходзячы з лодак. Сведкі ўзгадваюць, што Піны не было відаць, адныя толькі лодкі і людзі ходзяць па іх і ў іх жа ночаць. Гэта пры тым, што ўся рынкавая плошча за калегіумам езуітаў і перад касцёлам святога Станіслава напаўнялася падводамі. Тавар розны. Акрамя таго, працавалі вядомыя пінскія гандлёвыя рады. Іх знішчылі ў пачатку 1960-х гадоў. Каб зразумець, які быў кірмаш у эканамічным сэнсе, звернемся да дадзеных 1906 года. Дык вось, тавару навезлі на 50 тысяч царскіх рублёў, а прадалі на 37 тысяч рублёў. Сумы неверагодныя, бо, напрыклад, кілаграм свініны каштаваў усяго 35-45 капеек.
У 1936 годзе ўлады ўзялі «водны гандаль» пад патранаж і заклалі штогадовы «Палескі ярмарак». Месцам правядзення кірмашу выбралі Ляшчынскі сквер – цяпер тут гарадскі парк культуры і адпачынку. Грошай на будаўніцтва шапікаў, крамаў, рэстаранаў не шкадавалі. Усіх удзельнікаў сустракала вялікая скульптура «Паляшук з вяслом», а ў цэнтры помнік Пілсудскаму. На галоўнай алеі зрабілі стэнды па гісторыі Палесся. Усё падзялілі на сектары: павільёны сувязі, прамысловасці, адукацыі, культуры і інш. Працавалі майстэрні: дыванаткацкая, гарбарная ды мэблевая. Кожнага палешука цікавіў шалаш з рознымі рыбалоўнымі прыладамі. Іншаземец, трапіўшы на пінскі кірмаш, мог даведацца ўсё пра Палессе, традыцыі і норавы жыхароў балотнай краіны.
Усё суправаджалася народнымі спевамі, выступам хору Пінскай дзяржаўнай гімназіі, аматарскага сімфанічнага аркестра ды вясковых школьных калектываў. У канцэртнай праграме таксама было прадстаўленне «Палескае вяселле», свята «Дажынкі» і абрад «Праводзіны нявесты». Палескі ярмарак пачынаўся 22 жніўня і завяршаўся 5 верасня. У 1939 годзе, калі нацысты ўварваліся ў Польшчу, кірмаш над Пінай падыходзіў да заканчэння і людзі раз’язджаліся з сумнай навінай, не ведаючы, што больш яны не збяруцца на гандлёвае свята.
«Я была на рынках у многіх краінах свету, але нідзе не бачыла такога, адзінага ў сваім родзе, захапляльнага відовішча, як пінскі кірмаш…», – такое ўражанне склалася ў амерыканскай даследчыцы Луізы Арнер Бойд, якая наведала Палессе.
Працы Лаўрова: «Паляшук з вяслом» і інфармацыйна-рэкламны плакат.
Крыкатура, якая актуальная і ў наш час
У Пінску Фёдар Лаўроў між іншага займеў славу крыкатурыста. Усе ягоныя вобразы з жыцця, таленавіта аздомленыя гумарам. Крыкатуры Лаўрова выходзілі, як паштоўкі і імі пінчукі ўпрыгожвалі свае фотаальбомы.
Гісторыя ў пінскім выцвярэзніку. Паліцыйскія “кліенту”: – Ідзі, не хвалюйся, тут жонкі няма!
Два варыянты дарагіх жонак.
Не баюся буры, бо на даху сядзіць ліцэнзійны громаадвод.
Свята, вяселле і сельгаспрацы ў вёсцы.
Пахаванне дзядулі.
Сынку, ты маленькую рыбу не хапай, толькі вялікую бяры.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя