„Права выбару” пачынае падрыхтоўку да мясцовых выбараў
Грамадская кампанія „Права выбару” пачынае падрыхтоўку да мясцовых выбараў, якія павінны адбыцца ў 2018 годзе. Такое рашэнне прыняла яе рада з удзелам кіраўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый – сябраў гэтай ініцыятывы. Абмеркаваны вынікі працы падчас апошняй кампаніі парламенцкіх выбараў. Таксама прынята прынцыповае рашэнне, што кампанія „Права выбару” працягне сваю дзейнасць і ў міжвыбарны перыяд. “Зараз рыхтуюцца праекты, якія будуць рэалізоўвацца ў бліжэйшы час”, – сказаў яе каардынатар Дзяніс Садоўскі:
– Гэта і правядзенне экспертных круглых сталоў, гэта і мабілізацыйныя кампаніі ў рэгіёнах, і тлумачальная праца пра важнасць сумленных выбараў для кожнага беларуса. Сапраўды ў Беларусі зачастую не звязваюць свой дабрабыт з сумленнымі і справядлівымі выбарамі. І гэтую працу трэба рабіць. Безумоўна, яе трэба рабіць пастаянна. Таму кампанія «Права выбару» ў межвыбарны перыяд будзе займацца менавіта гэтым. І таксама прынята рашэнне, што падчас мясцовых кампаній 2018 года „Права выбару” працягне сваю дзейнасць.
Паводле Дзяніса Садоўскага, працягваецца праца па пашырэнню ўдзельнікаў кампаніі. Зараз у гэтую ініцыятыву згуртаваны восем партый і арганізацый. Плануюцца перамовы з партыяй „Справядлівы свет” пра яе магчымае далучэнне да кампаніі „Права выбару”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя