Праваабарончаму цэнтру “Вясна” ўручылі прэмію АБСЕ “Абаронца дэмакратыі”
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” ўручылі прэмію ад АБСЕ “Абаронца дэмакратыі”.
Сустрэча прайшла ў амбасадзе Швецыі ў Менску і транслявалася анлайн з-за супрацькавідных мер бяспекі. “Вясну” на ўручэнні прадставіў яе старшыня Алесь Бяляцкі:
– Мы кожны дзень працягваем сустракацца з нябачным дагэтуль ціскам на грамадзянскую супольнасць, на ўсё беларускае грамадства. Гэты прэсінг не спыняецца. І ў гэтых умовах, на жаль, нам даводзіцца зараз жыць і працаваць.
Прэміяй “Абаронца дэмакратыі” праваабарончы цэнтр “Вясна” ўзнагародзілі яшчэ ў сакавіку 2020 года, але з-за пандэміі ўручылі толькі цяпер. Вельмі добра, што перанос прэміі адбыўся на цяперашнія, такія драматычныя для Беларусі часы, адзначыў Алесь Бяляцкі:
– Для нас гэта вельмі важная маральная падтрымка. Думаю, асабліва гэта будзе вельмі прыемна для тых, хто знаходзіцца ў зняволенні і сядзіць у турме.
Як адзначыла місія АБСЕ ў сваім твітары, “Вясна” атрымала прэмію за сваю місію па абароне правоў чалавека ў Беларусі і пабудове справядлівага і дэмакратычнага грамадства для ўсіх грамадзянаў.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя