Праваабарончы круглы стол у Гародні



Круглы стол прайшоў у Cусветны дзень абароны правоў чалавека. Канец 2018 года выдаўся надзвычай гарачым для дэмакратычнай супольнасці Гарадзеншчыны. Толькі ў бліжэйшы час маюць прайсці суды па разглядзе касацыйных скаргаў па васьмі адміністрацыйных справах, якія былі ініцыянаваныя ўладамі па палітычнай прыкмеце.

Шэсць грамадзянаў былі засуджаны да буйных адміністрацыйных штрафаў за ўдзел ва ўшанаванні паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. Кажа кіраўнік рэгіянальнай філіі „Вясны” Віктар Сазонаў:

– Асудзілі ні за што на судах першай інстанцыі. За тое, што людзі ўсклалі кветкі на магілы сваіх нацыянальных герояў, сваіх нацыянальных лідараў. Яшчэ таксама чакаюць скаргі па справе, што чалавек выйшаў з плакатам „Далоў самадзяржаўе!”. Адным словам нас чакае вельмі інтэнсіўная праца. мы пастараемся зрабіць тое, што павінны зрабіць.

З праваабарончым цэнтрам „Вясна” актыўна супрацоўнічае прадстаўніцтва Беларускага Хельсінкскага камітэта. Сумесныя акцыі па агітацыі і інфармаванні насельніцтва пра смяротныя пакаранні ў Беларусі маюць розгалас. Кажа прадстаўнік БХК Раман Юргель:

– Пяць год таму нашая справа за фота ў інтэрнэце – гэта была першая адміністратыўная справа за выказванне сваёй думкі. Зараз мы назіраем тэндэнцыю пашырэння адміністрацыйных, крымінальных спраў за рэпосты ў сацыяльных сетках. Таксама чыннікам з’яўляецца тое, што ёсць план па адміністрацыйных справах для міліцыі, не толькі застрашыць грамадства, але і выканаць нейкі план.

Пры адсутнасці незалежнай адвакатуры грамадзяне не могуць абысціся бяз праваабронцаў, як апошняга бастыёну ў абароне правоў чалавека ад свавольства ўладаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня