Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае сваё 25-годдзе



Сёння, 26 красавіка, праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае сваё 25-годдзе.

Сёлнта, святкуючы дзень народзінаў, мы маем дваістыя адчуванні, адзначыў сябра рады “Вясны” Валянцін Стэфановіч:

З аднаго боку мы вельмі рады, што адзначаем такі значны юбілей нашай арганізацыі – 25 гадоў. Аднак той фон, на якім гэта ўсё адбываецца, канешне, нас вельмі моцна засмучае. Калі казаць пра агульную сітуацыю, то мы назіраем востры крызіс з правамі чалавека.

Але грамадства за гэтыя 25 гадоў змянілася. Улады не заўважылі, як вырасла новае пакаленне беларусаў, для якіх правы чалавека не пусты гук, — адзначыў старшыня правабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Калі раней улады мелі сацыяльную падтрымку ў грамадстве, то цяпер многія разумеюць, што ўлада будуецца на гвалце і хлусні:

– Мы як праваабаронцы ніколі не пагадзімся з тым, што людзі ў нас пазбаўленыя самых элементарных правоў, якія гарантуюцца нам Канстытуцыяй. Гэта і права на вольныя сходы, права на вольны распаўсюд інфармацыі, права на вольнае аб’яднанне, права на вольнае выказванне меркаванняў. Тое, чаго зараз нам крытычна не хапае.

Нам гэта не хапала ўсе 25 гадоў, але цяпер мы фактычна знаходзімся ў сітуацыі надзвычайнага становішча, калі грамадства пазбаўлена элементарных правоў, — акрэсліў бягучую сітуацыю Алесь Бяляцкі.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя