Праваабаронца Алена Танкачова зможа вярнуцца ў Беларусь праз паўгода
Праваабаронца Алена Танкачова зможа вярнуцца ў Беларусь толькі, калі завершыцца тэрмін яе высылкі з краіны.
Напярэдадні Міністэрства ўнутраных спраў адказала адмовай на калектыўны зварот юрыстаў і грамадскіх дзеячоў, якія хацелі даведацца, чаму Танкачовай не скарачаюць тэрмін высылкі, хаця гэта часта робіцца ў сітуацыях з іншымі людзьмі.
Пакуль праваабаронца, якая ўзначальвала “Цэнтр прававой трансфармацыі”, жыве ў Вільні.
Алена Танкачова распавяла, што збіраецца рабіць, калі скончыцца тэрмін яе высылкі з Беларусі:
— Усё будзе залежыць ад маіх працоўных планаў. Калі я не буду знаходзіцца нейкай камандзіроўцы, дык вядома, калі скончыцца тэрмін, па-першае напішу яшчэ запыт у Міністэрства унутраных спраў і папрашу ў іх пісьмовае пацвярджэнне таго, што яны мяне знялі са спісаў неўязных. Я хачу мець у гэтым сэнсе гарантыі. Як толькі скончыцца тэрмін высылкі, я адразу зраблю пісьмовы запыт у МУС, удакладню, ці знятая я са спісу неўзяных, якой датай мяне знялі і, пры наяўнасці гэтага дакумента, я накіруюся дадому.
Шэраг юрыстаў, салідарных з Аленай Танкачовай, назваў яе высылку з краіны на тры гады палітычным рашэннем. Тэрмін высылкі Алены Танкачовай скончыцца ў канцы лютага 2018 года.
Поўную гутарку з Аленай Танкачовай слухайце ў далучаным гукавым файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя