Праваабаронца Андрэй Бандарэнка ўзначаліў „БелГазету”



Дырэкцыю таварыства з абмежаванай адказнасцю „БелГазета”, што выпускае аднайменны інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік, з пачатку студзеня ўзначаліў вядомы беларускі праваабаронца Андрэй Бандарэнка. На гэтай пасадзе ён змяніў асноўнага акцыянера выдання Кірыла Жываловіча, які кіраваў газетай са студзеня 2018 года.

„Я не планаваў займацца гэтым напрамкам, але так склалася, што спатрэбіўся набор ўсіх маіх прафесійных якасцяў як бізнесмена, журналіста і праваабаронцы, — заявіў Бандарэнка ў каментары БелаПАН. — Друкаваныя выданні і так знаходзяцца ў даволі цяжкім становішчы, а тут яшчэ і кіраванне папярэдняга дырэктара вылілася ў вельмі цяжкае фінансавае становішча”.

„Мая асноўная задача — паставіць газету на нармальныя эканамічныя рэйкі. Трэба вырашыць шэраг праблем, даць газеце магчымасць, маючы дастатковы аб’ём фінансавання, нармальна развівацца, не залежачы ад палітыкі і эканомікі. <…> Мы загадзя агаварылі, што мая задача — толькі камерцыйныя пытанні і праграма развіцця газеты. Рэдакцыйная палітыка цалкам застаецца за рэдакцыяй, я ў яе не ўмешваюся, не навязваю свае ідэі, пажаданні, не спрабую выкарыстоўваць газету ў сваім праваабарончым кірунку”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў дырэктара выдання, зараз каманда „БелГазеты” займаецца абнаўленнем сайта, новая версія якога, як чакаецца, запрацуе блізу сярэдзіны лютага. Рэдакцыя мае намер зрабіць свайго роду сінтэз друкаванага выдання і яго анлайн-версіі. „У прыватнасці мы працуем над тым, каб чалавек, які чытае папяровую газету, з дапамогай QR-кода атрымліваў доступ да анлайн-версіі з пашыранымі матэрыяламі — дадатковай інфармацыяй, відэа, тым, што па фармаце не можа ўвайсці ў газету. Анлайн-версія і друкаванае выданне будуць прапарцыйна дапаўняць адна адно”, — растлумачыў Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка — у мінулым бізнес-кансультант, а цяпер заснавальнік і кіраўнік праваабарончай арганізацыі „Нью платформ інавейшн” („НПІ”), створанай наўзамен закрытых уладамі ўстаноў „Платформа” і „Платформ інавейшн”. Як і папярэднія арганізацыі, „НПІ” фіксуе факты парушэння правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі, а таксама вядзе маніторынг захавання правоў грамадзян у рэгіёнах.

Недзяржаўная „Белорусская газета” была заснаваная ў 1995 годзе былымі супрацоўнікамі „Белорусской деловой газеты” Ігарам Высоцкім, Аляксандрам Вальвачовым і Аляксандрам Міхальчуком. З 2005 года выходзіць пад назвай „БелГазета”. 75% акцый выдання належаць Жываловічу, 25% — Высоцкаму.

„БелГазета” асвятляе падзеі эканамічнага, культурнага, грамадскага, унутрыпалітычнага і міжнароднага жыцця Беларусі і блізкага замежжа.

belapan.by