Праваабаронца Аюба Ціціева могуць засудзіць да 4 гадоў калоніі



Вядомага чачэнскага праваабаронца Аюба Ціціева па сфабрыкаванай справе могуць засудзіць да 4 гадоў калоніі. Менавіта такі тэрмін запрасіла ў час судовага паседжання ў Шалінскім гарадскім судзе Чачні пракурор Мілана Байтаева.

Кіраўніка грозненскай філіі праваабарончай арганізацыі „Мемарыял” Аюба Ціціева вінавацяць нібыта ў захоўванні наркотыкаў у вялікім аб’ёме і судзяць паводле часткі 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэксу Расейскай федэрацыі.

Іншыя праваабаронцы і міжнародная супольнасць перакананыя, што справа цалком сфабрыкаваная адміністрацыяй Чачні пад краўніцтвам Рамзана Кадырава, а Ціціева пераследуюць насамрэч за актыўную праваабарончую дзейнасць.

Кіраўнік чачэнскага прадстаўніцтва “Мемарыялу» Аюб Ціціеў быў арыштаваны 9 студзеня 2018 года па сфабрыкаваных абвінавачваннях у набыцці і захоўванні наркотыкаў. Пазней ён паведаміў, што наркатычныя рэчывы былі падкінутыя ў яго машыну падчас агляду дарожнай паліцыяй у межах “прафілактычных мерапрыемстваў”.

Заявы ў падтрымку Аюба Ціціева прынялі многія правабарончыя супольнасці, у тым ліку беларускі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Беларускае Радыё Рацыя