Праваабаронца чакае тлумачэнняў па факце вобшуку і канфіскацыі



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка збіраецца звярнуцца ў міліцыю па факце правядзення вобшуку і канфіскацыі тэхнікі на ягоным працоўным месцы і дома. Супрацоўнікі праваахоўных органаў патлумачылі свае дзеянні тым, што з IP-адрасу офіса і з узламанай паштовай скрыні праваабаронцы быў разасланы ролік парнаграфічнага зместу. Леанід Судаленка кажа, што абвінавачванняў яму пакуль што ніхто не выстаўляў:

– Я вось прыляцеў са Стакгольму, прайшоў пашпартны кантроль, прыехаў у Гомель, адсвяткаваў Вялікдзень. Сёння я на працы. Да мяне ніхто не тэлефануе, мяне ніхто нікуды не выклікае. Позваў ніякіх я не атрымліваў. Як быццам я іх і не цікаўлю. Але кампутары знеслі і з дому, і з офісу.

Па месцы жыхарства міліцыянты канфіскавалі  сістэмны блок і ноўтбук. У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская, дзе працуе Леанід Судаленка, забралі 4 сістэмныя блокі ад кампутару і мадэм.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота Алеся Лапіцкага, Беларускі Праўны Партал