Праваабаронца: Старацца не рабіць юрыдычных памылак
Хваля рэпрэсіўных дзеянняў міліцыі на мірныя маўклівыя акцыі ў падтрымку палітвязняў прывяла да таго, што людзі, якія ніколі раней не мелі стасункаў з працэдурай арыштаў і складання адміністрацыйнага пратакола, рабяць праўныя памылкі.
Праваабаронца Віктар Сазонаў, каардынатар праваабарончага цэнтра „Вясна” ў Гарадзенскай вобласці, лічыць, што людзі, ідучы на мірныя акцыі, якія гарантуюцца Асноўным Законам краіны, павінны быць пісьменнымі ў сваіх правах.
– Людзі абсалютна невядомыя, людзі, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў грамадскай актыўнасці, гэтыя людзі проста не ведаюць, як сябе паводзіць, яны не чакалі, што іх затрымаюць, для іх гэта навіна, яны не верылі, што такое можа адбывацца. Яны не паведамілі пра гэта праваабаронцам, яны нават не ведалі, куды можна паведамляць. І таму ўсё новыя і новыя людзі ўсплываюць, то там, то тут. Канкрэтную лічбу цяжка сказаць, яна будзе вядомая праз нейкі час.
Сярод рэкамендацыяў, якія дае праваабаронца: калі надумалі ўсё ж ісці на акцыю, то лепей – з сябрамі, альбо людзьмі, якія пасля затрымання міліцыяй змогуць выступіць сведкамі ў адміністрацыйным працэсе, мець нумары тэлефонаў праваабаронцаў, каб мець магчымасць затэлефанаваць пры затрыманні. Пра іншыя довады невінаватасці, якія можна прадугледзіць чалавеку, кажа Віктар Сазонаў:
– Ёсць уключаны тэлефон і ёсць аўдыё і відэа доказы яго невінаватасці. Пры затрыманні можна ўключыць дыктафон і атрымаць гук, што чалавек ні ў чым не вінаваты, ён реалізоўваў сваё грамадзянскае права, гэта права зусім па-іншаму трактавалі сілавікі. Ні ў якім разе нельга ўступаць з сілавікамі ў канфлікт, тым больш у сілавы канфлікт, таму што гэта закончыцца заўсёды кепска, на тое яны і сілавікі, што сілы маюць.
Людзі, якія затрыманы міліцыяй для адміністрацыйнага разбіральніцтва, маюць права не сведчыць супраць сябе, на выпадак, калі іх паказанні могуць быць трактаваныя падвойным спосабам. „Адміністрацыйны пратакол – калі складзены – мусіць быць уважна прачытаны затрыманым, бо „літара” ў пратаколе, бывае, можа шмат што змяніць у рашэнні суда супраць удзельніка акцыі,” – лічыць праваабаронца.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя