Праваабаронца: Кабанава вырашылі спыніць у больш радыкальны спосаб



За актыўную грамадскую пазіцыю і неаднаразовы ўдзел у акцыях супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Такімі сапраўднымі прычынамі завядзення крымінальнай справы супраць блогера Аляксандра Кабанава бачыць берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін. „Неаднаразова яму давалі адміністрацыйныя штрафы, але яны не знізілі ўзровень пратэстнасці,” — адзначыў ён:

– Нічога не паўплывала, таму ўлада пачала шукаць нейкія іншыя магчымасці, каб неяк паставіць яго на месца, каб ён больш не ўздымаў гэтую праблему завода, які, як лічаць берасцейцы, нясе вялікую шкоду здароўю грамадзянаў і акаляючаму асяроддзю. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу, нібыта за тое, што атрыманыя ад людзей сродкі ён выкарыстаў неналежным чынам.

Крымінальная справа на грамадскага дзеяча Аляксандра Кабанава заведзеная па артыкуле “Прысваенне або растрата” і датычная таго часу, калі ён быў старшынёй Таварыства ўласнікаў жылля ў горадзе Бяроза.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце