Праваабаронца: Крымінальная справа выглядае сфабрыкаванай
Два гады хатняй хіміі і амаль тры з паловай тысячы рублёў „пацярпелым” і за судовую медычную экспертызу прысуджана гарадзенскай фармацэўту Марыне Палікарпавай Ленінскім раённым судом Гародні.
Пацярпелымі аказаліся амапаўкі Бандарчук і Мазуркевіч, якія 9 жніўня без прычыны збілі гэтую спадарыню. У адказ на ўдушэнне, тая ўкусіла адну з нападніц. Асабліва абуральна ў працэсе было тое, што суд не даследаваў усе акалічнасці падзеяў і не ўлічыў недастатковасць доказаў віны Палікарпавай. Крымінальная справа таму выглядае сфабрыкаванай cледствам, а прысуд карным. Кажа праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага камітэта:
– Гэта парушае права на справядлівае судовае разбіральніцтва згодна з міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Мы таксама ў судзе пачулі сведчанні брата Палікарпавай пра тое, што ён зайшоў у кабінет ВВС. Ён таксама быў затрыманы. „Адміністратыўка” яму прысуджаная. Зайшоў і за пяць хвілін атрымаў прысуд.
Сярод неапытаных сведак, апынуўся чалавек, які быў у бусе, дзе збівалі Марыну Палікарпаву, пасля чаго тая атрымала 51 сіняк, раны і гематомы. Пра гэта паведаміў адвакат. Дарэчы, падчас збіцця, 9 жніўня, Марына Палікарпава прасіла прадставіцца амапавак Дар’ю Бандарчук і Марыю Мазуркевіч, якія назвалі сябе Машай і Насцяй Лукашэнкамі.
Асуджаная суддзём Русланам Гурыным, будзе бараніць сябе і абскарджваць несправядлівы прысуд у вышэйшых інстанцыях.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя