Праваабаронца Леанід Судаленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні



Праваабаронца Леанід Судаленка, які восьмы месяц знаходзіцца за кратамі, не будзе пісаць прашэнне аб памілаванні. Пра гэта распавёў палітык Васіль Палякоў, які атрымаў ад палітвязня адпаведны ліст. 

– Леанід у папярэдніх лістах некалькі разоў пісаў, што не будзе звяртацца з прашэннем аб памілаванні, таму што гэта азначае прызнаць сваю віну. А ён не лічыць сябе вінаватым, наадварот, ён пісаў пра тое, што ён займаўся праваабарончай дзейнасць, дапамагаў людзям, а не рабіў нешта забароненае.

Леаніда Судаленку абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Суд над праваабаронцам пачнецца 3 верасня. Працэс будзе весціся ў адкрытым рэжыме. Суд мае намер заслухаць 61 сведку, хоць апытаныя былі як сведкі больш за 200 чалавек. Гэта жыхары Гомельскага рэгіёну, якім Судаленка дапамагаў аплачваць штрафы, абскарджваць рашэнні судоў. Яго дапамогу следства расцаніла як арганізацыю і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Беларускае Радыё Рацыя