Праваабаронца Левінаў пачаў у Віцебску незвычайны эксперымент



Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў накіраваў начальніку Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаілу Грыбу заяву з просьбай узбудзіць супраць яго, Левінава, адміністрацыйную справу.

Прызнаецца, што «незаконна вырабляе і распаўсюджвае прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі» і робіць гэта рэгулярна, паведамляе «Віцебская вясна».

«Пастаянна вырабляю і распаўсюджваю, не маючы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь акрэдытацыі, інфармацыю на замежным інтэрнэт-сайце facebook.com», – гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым Левінаў просіць начальніка абласной міліцыі Грыба «даць даручэнне аб пачатку ў дачыненні да яго адміністрацыйнага працэсу за дзеянні, адказнасць за якія прадугледжваюць часткай 2 артыкула 22.9 адміністрацыйнага кодэкса.

У Беларусі ні «Фэйсбук», ні «Інстаграм», ні «Укантакце», ні іншыя сацсеткі не зарэгістраваныя як замежныя сайты і сродкі масавай інфармацыі. З гэтымі сайтамі, не маючы ніякай акрэдытацыі, супрацоўнічаюць не толькі простыя грамадзяне, але і міліцыянты, і суддзі, і пракуроры. Рэгулярна публікуе ў іх пасты і сам Павел Левінаў, чым «парушае» заканадаўства аб СМІ.

«Калі не прыцягнуць да адказнасці, тады ўзнікае пытанне: чаму прыцягваюць да адказнасці за тыя ж самыя, па сутнасці, дзеянні журналістаў?», – сцвярджае праваабаронца Павел Левінаў.

Як падлічыла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), толькі летась незалежных журналістаў па гэтым артыкуле судзілі 44 разы. Агульная сума штрафаў склала за год 41 тысячу 284 рублі.

Беларускае Радыё Рацыя