Праваабаронца: Ніводна скарга на выяўленыя парушэнні не была задаволена
У Гародні, фaкты парушэнняў выбарчага заканадаўства накіроўваюць у акруговыя выбарчыя камісіі не толькі кандыдаты ў дэпутаты, але і назіральнікі, якіх працуе ў дзень выбараў больш за сотню.
Яны прадстаўляюць розныя ініцыятывы, палітычныя сілы і блокі. У асноўны дзень выбараў, як і раней, незалежная кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары” накіравалі скаргі пра грубыя парушэнні Выбарчага кодэксу. Паводле звестак Віктара Сазонава, аніводная накіраваная скарга па 51-й выбарчай акрузе не была задаволена акруговай выбарчай камісіяй, якая складаецца з лаяльных існай палітычнай сістэме людзей.
Кажа назіральнік па 51-ай акруговай выбарчай камісіі Віктар Сазонаў:
– Канкрэтна будзе сказана. Канкрэтна зараз робяцца аналітычныя справаздачы кожны тыдзень, я маю на ўвазе кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Кожны тыдзень яны выстаўляюцца ў сродкі масавай інфармацыі. Ёсць на сайце «Вясны». Перадрукоўваецца рэгіянальнымі сайтамі. І кожны тыдзень там гаворыцца: дзе змахлявалі, дзе не змахлявалі.
На думку незалежных назіральнікаў, няма пэўнасці ў тым, што факты шматлікіх махляванняў паўплываюць на ацэнку справядлівасці ці несправядлівасці выбараў у Беларусі з боку замежных місіяў на асноўны дзень электаральнай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Тут могуць дзейнічаць палітычныя чыннікі, і не на карысць грамадству Беларусі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя