Праваабаронца патрабуе ў мытні свой ноўтбук



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, у якога ў пункце пропуску „Каменны Лог” Ашмянская мытня без тлумачэння прычын канфіскавала ноўтбук, звярнуўся са скаргай да старшыні Мытнага камітэта Юрыя Сянька.

Леанід Судаленка

Ад кіраўніка мытнага ведамства праваабаронца патрабуе неадкладна вярнуць ноўтбук, а таксама паказвае на сістэматычнае парушэнне яго правоў ашмянскімі мытнікамі:

– У скарзе згадаў адно з рэшэнняў Камітэта па правах чалавека ААН – Судаленка супраць Беларусі. Гэта з 2010 года, калі гэтая ж Ашмянская мытня ў гэтым жа пункце пропуску “Каменны Лог”, яны таксама тады канфіскавалі перадвыбарчую літаратуру і Камітэт ААН прыняў рашэнне, што Беларусь краіна-ўдзельніца міжнароднага пакту парушыла мае правы. Прыклаў гэтае рашэнне ды кажу, што супрацоўнікі Ашмянскай мытні сістэматычна парушаюць мае правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, і каб вярнулі тое, што забралі.

„Маё прозвішча чамусьці апынулася ў палітычных спісах, так званых „спісах па даручэнні праваахоўных органаў”, якія незаконна дзейнічаюць на беларускай мяжы. Склалася ўстойлівае ўражанне, што працягваюцца пагрозы і запалохванне, якія пачаліся ў дачыненні да мяне і маіх дзяцей у пачатку года”, – адзначыў праваабаронца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя