Праваабаронца: Прававая сістэма ў Беларусі не дзейнічае



Прававая сістэма ў Беларусі не дзейнічае. Да такой высновы прыходзяць грамадзяне, якія пераследуюцца, калечацца, абкрадаюцца прадстаўнікамі міністэрства нутраных справаў. Ім выносяць прысуды, а супрацьзаконныя дзеянні міліцыі суддзі нават не бяруць да ўвагі.

Цяпер – чарга за масавымі ператрусамі:  у Гародні яны прайшлі за вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі.

І мяжы гвалту няма, кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– Прававое бязмежжа, беззаконне. Цяжка нават падабраць тэрмін. Яно набыве усеагульны размах. Яно набывае вельмі вялікі маштаб. І па сутнасці пад такі пераслед – ад затрымання да правядзення ператрусаў у вашай кватэры – можа патрапіць не толькі нейкі актыўны ўдзельнік мітынгаў, які прыйшоў сведама, але і любы чалавек, які выйшаў па хлеб у краму, выйшаў сустрэць жонку, такія выпадкі былі – хапалі, білі.

Усе прадстаўнікі лукашэнкаўскіх карных структураў мусяць ведаць, што „за імі таксама прыйдуць” – пра гэта кажа вопыт мінулага стагоддзя. А для беларусаў – адзіным выйсцем застаецца яднанне і салідарнасць на ўсіх роўнях: ад двара, да краіны.

Якуб Сушынскі, Беларускі Радыё Рацыя